У Вільнюсе ва ўніверсітэцкім касцёле Св. Яна прайшоў канцэрт, прысвечаны памяці ксяндза пробашча касцёла ў Гервятах Леаніда Несцюка. Як расказаў арганіст святыні Андрэй Міхневіч, гэты канцэрт планаваўся даўно, яшчэ пры жыцці кс. Леаніда: захопленыя гледачы і слухачы традыцыйных “Лістападаўскіх вечароў у Гервятах”, што сталі сапраўднай падзеяй у духоўным і культурным жыцці не толькі Астравеччыны, марылі пачуць беларускіх музыкантаў і ў сталіцы Літвы.
Але так сталася, што гэты канцэрт прайшоў ужо без Леаніда Пятровіча – але ў яго памяць. Стоячы, у ціхай малітве, артысты і гледачы ўшанавалі памяць свайго духоўнага настаўніка. Пасля ў святыні прагучалі творы Бетховена, Шапэна, Гендэля, Баха, Рахманінава, Чайкоўскага і іншых класікаў у выкананні традыцыйных удзельнікаў гервяцкіх канцэртаў Аляксандра Музыкантава, Таццяны Глазуновай і Андрэя Міхневіча.
Спяваў і плакаў, падпарадкоўваючыся Андрэю Міхневічу, старадаўні арган; гукі, што выляталі з-пад пальцаў Аляксандра Музыкантава, рэзаніравалі са струнамі душы гледачоў, а голас Таццяны Глазуновай і таго ж Андрэя Міхневіча прымушаў прысутных плакаць, не саромеючыся сваіх слёз. Здавалася, што кс. Леанід нябачна прысутнічае на гэтым канцэрце і бязгучна паўтарае разам з Андрэем, звяртаючыся на нябеснага Айца, словы Булата Акуджавы “Дай же ты всем понемногу – и не забудь про меня”…
Арганізатар кацэрта прэзідэнт асацыяцыі “Вільнюсу і народу” Саулюс Павілайціс запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб традыцыя канцэртаў арганнай і вакальнай музыкі ў Гервятах працягвалася і надалей.
Паводле www.ostrovets.by