4 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) адбыўся парафіяльны фэст. Урачыстасць была арганізавана дзякуючы вялікім старанням святароў, якія служаць у парафіі, найперш пробашча кс. Паўла Салабуды.
Урачыстасць пачалася святой Імшой на пляцы, дзе ў будучыні паўстане касцёл Святога Духа. Ксёндз Павел Салабуда адзначыў, што парафія вельмі маладая, яе ўтвараюць перш за ўсё маладыя сем’і з дзецьмі. Гэта вялікая парафіяльная сям’я, шматлікія члены якой прымаюць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла.
Падчас Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч маліўся найперш у інтэнцыі ўсіх, хто належыць да гэтай парафіяльнай супольнасці, каб кожная сям’я была моцная Богам і стварала сваю будучыню на фундаменце, якім з’яўляецца Хрыстус.
Таксама ў гэты дзень група вернікаў парафіі прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Гэта было вельмі сімвалічна, бо адбылося ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы, якая нагадвае пра спасланне Духа Святога на вучняў Езуса, сабраных у Вячэрніку. Гэтая падзея перамяніла іх у адважных апосталаў.
Таму біскуп Кашкевіч заклікаў тых, хто быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, адважна ісці праз жыццё. Таксама іерарх заахвоціў усіх прысутных будаваць жывы Касцёл – парафіяльную супольнасць, якая ўжо некалькі гадоў развіваецца ў маладым раёне Гродна. Біскуп прасіў вернікаў аб малітве, каб з дапамогай Духа Святога ў гэтым месцы была пабудавана прыгожая святыня, якая так патрэбна гораду.
Парафіяльны фэст, які ўжо ўпісаўся ў каляндар парафіі, злучаў у сабе і малітву, і адпачынак. Было прапанавана шмат забаваў для ўсіх пакаленняў вернікаў: дзяцей, моладзі і старэйшых. Адбыліся разнастайныя конкурсы, а таксама розыгрыш латэрэі, галоўным прызам якой стаў тэлевізар. У межах фэста выступіў з прыгожым канцэртам дзіцячы ансамбль "Анёлы".
Дарослыя мелі магчымасць лепш пазнаёміцца са сваімі душпастырамі і паміж сабой падчас прыгатавання каўбасак. Такія сустрэчы яднаюць людзей і даюць магчымасць зблізіцца, заахвочваюць да большай актыўнасці ў жыцці Касцёла і сваёй парафіі. А перад вернікамі гэтай супольнасці яшчэ шмат працы – будаўніцтва святыні.
Фэст "Па-сямейнаму ў Духа" завяршыўся канцэртам гурта "Аve" Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прысутныя мелі магчымасць услухацца ў павеў Моцы Духа Святога, які прыносіць супакой. Няхай жа гэты жаданы супакой, якога так прагнуў сам Езус, паселіцца ў кожнай сям’і і ў кожным чалавечым сэрцы.
Кс. Юрый Марціновіч