Skip to main content

Музычныя супольнасці выступілі на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці

vystupy 461 чэрвеня гасцямі Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці былі дзіцячыя музычныя супольнасці, якія ўпрыгожылі сваім спевам гэтую сустрэчу.

Спеў з’яўляецца неад’емным элементам свята дзяцей, якое ўжо традыцыйна на працягу 7 гадоў праходзіць у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта спеў яднае і інтэгруе дзяцей, дазваляе ім разам праслаўляць Пана і Створцу.

Першым на сцэне выступіў дзіцячы гурт “Вясёлая грамадка” з Гродна. Сваім спевам яны распачалі свята, якое з’яўляецца заўсёды вялікай падзеяй у Гродзенскай дыяцэзіі. Маленькія спевакі ў каляровых строях, з плюшавымі цацкамі ў руках, нягледзячы на дождж, які ішоў у час выступлення, вельмі парадавалі прысутных.

Выступіў таксама вельмі жывы гурт маладой парафіі Святога Духа ў Гродне “Анёлы”. Дзеці, нават і зусім маленькія, сваім спевам захапілі слухачоў і звярнулі на сябе агульную ўвагу.

Выйшаў на сцэну і дзіцячы гурт “Misterium” з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай. Дзеці сваім спевам заахвоцілі ўсіх да танцу і інтэграцыйных забаваў.

Госцем Дня дзіцяці быў таксама гурт "AVE" з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Семінарысты падарылі дзецям шмат яскравых эмоцый і ўражанняў. Спяваючы песні, яны разам праслаўлялі Бога, дзякуючы за Найсвяцейшую Панну Марыю, якая сто гадоў таму аб’явілася ў Фаціме і таксама сёння просіць кожнага чалавека жыць згодна з Евангеллем.

vystupy 42

На заканчэнне свята кожны з удзельнікаў атрымаў памятныя падарункі ад арганізатараў і сімвалічнае сэрца з напісаным на ім пасланнем, скіраваным Марыяй у Фаціме.

Галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч, які з’яўляецца ініцыятарам сустрэчы дзяцей у Гродне, на заканчэнне падзякаваў усім за ўдзел ў сустрэчы, складаючы словы падзякі таксама і ўсім валанцёрам, якія актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы свята.

"Гэта доўгі спіс асобаў і арганізацый, якія духоўным і матэрыяльным чынам падтрымалі гэтую прыгожую справу, і немагчыма пералічыць іх усіх. Без маладых і дарослых валанцёраў і аніматараў, якіх было больш за 100, немагчыма было б падрыхтаваць і так цудоўна рэалізаваць гэтае свята. Дождж, які на пачатку дня крыху сапсаваў нашы планы, у цэлым не быў перашкодай для дзяцей, а нават наадварот – забавай", — адзначыў кс. Юрый Марціновіч.

VII Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці завяршыўся, дзеці вярталіся да сваіх дамоў радасныя, але і стомленыя пасля цэлага дня забаваў. Яны вярталіся, каб змяняць свет і саміх сябе, і, як прасіла Марыя, памятаць пра малітву, а цяжкія справы, якія будуць спатыкаць у жыцці, пераадольваць з любові да Бога.

Анастасія Мішкура

Фота Аляксандра Сергеюка