Традыцыйна, 1 чэрвеня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне праходзіць Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Сёлета свята мела дэвіз "Марыя - наша Маці - аб'явілася дзіцяці" і было прысвечана 100-годдзю аб'яўленняў Найсвяцейшай Панны ў Фаціме. Што маленькія вернікі ведаюць пра сваю Нябесную Маці і якія думкі маюць наконт Яе наведвання партугальскіх пастушкоў, яны распавялі ў размове з grodnensis.by.
Вадзім Чэбатар, 11 гадоў, парафія Святога Вацлава ў Ваўкавыску
- Што ты ведаеш пра Маці Божую?
- Марыя нарадзілася без першароднага граху, і Бог абраў Яе, каб Яна расціла Езуса і клапацілася пра Юзафа. Яна ніколі нікога не падманвала, увогуле не грашыла, мела чыстую душу на працягу ўсяго свайго жыцця. Марыя не памерла – Пан забраў Яе цела і дух на неба і даў магчымасць, падобна як увакрослы Езус, прыходзіць і прамаўляць да людзей.
Арцём Гоман, 11 гадоў, парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне
- Як бы ты адрэагаваў, калі б Марыя прыйшла да цябе?
- Спачатку ўпаў бы на калені, а пасля, хутчэй за ўсё, пачаў бы шчыпаць сябе за бок, каб упэўніцца, што не сплю і сапраўды бачу перад сабой Найсвяцейшую Панну. І абавязкова папрасіў бы ў яе фігурку Маці Божай Фацімскай, каб маліцца перад ёй і выпрошваць неабходныя ласкі.
Аляксандр Жэлевіч, 12 гадоў, парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне
- Як думаеш, чаму Марыя ў Фаціме аб'явілася менавіта дзецям ?
- Па-першае, Яна ведала, што дзеці балбатлівыя, не любяць нічога захоўваць у таямніцы і, напэўна, распавялі б усім, што бачылі Маці Божую. Па-другое, дзеці пражылі б больш, чым дарослыя ці людзі сталага ўзросту і, адпаведна, маглі б даўжэй распаўсюджваць навіну пра аб'яўленні Маці Божай. Па-трэцяе, Марыя хацела з дзяцінства прывучыць Жасінту, Францішка і Люцыю маліцца і давяраць Пану Богу.
Анастасія Медушэўская, 9 гадоў, парафія Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне
- Аб чым Марыя прасіла трох пастушкоў з Фацімы?
- Каб яны разам з бацькамі і ўсім светам маліліся Ружанец у інтэнцыі супакою на зямлі. Каб яны перадалі ўсім, што трэба больш давяраць Богу. Яна хацела, каб усе вернікі ведалі, што яны могуць набліжацца да Усявышняга, аддаваць Яму ўсе просьбы і падзякі менавіта праз Яе заступніцтва. Бо Марыя – цудоўная Маці для ўсіх людзей.
Мілена Кузьма, 14 гадоў, парафія Святой Сям’і ў Лідзе
- Калі б Марыя прыйшла да цябе і сказала, што выслухае ўсе твае просьбы, аб чым бы ты Яе папрасіла?
- Каб Яна асаблівым клопатам акружыла тых людзей, якія далёка ад Бога і Касцёла. Каб Яна дапамагла прыйсці да Пана тым, хто не ведае, якім глыбокім, напоўненым малітвай, і ў той самы час нястрымана вясёлым можа быць жыццё ў парафіі! І ў сваю чаргу я б спыталася, што Марыя хоча, каб я зрабіла для Яе.
АМ, VS