Skip to main content

Ксёндз Ян Рэйшаль адзначыў сярэбраны юбілей святарства

jubilejzaludok 1227 мая падчас урачыстай Імшы ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку за 25 гадоў святарскага служэння дзякаваў Богу кс. Ян Рэйшаль, пробашч гэтай парафіі.

На ўрачыстасць сярэбранага юбілею прыбыло шмат гасцей, у тым ліку біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Патрымаць малітвай прыбылі і святары, якія звязаны з асобай юбіляра або якія ў свой час праходзілі душпастырскую практыку пад яго чулым вокам. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы.

Прыбылі і вернікі парафіі ў Жалудку, дзе 25 гадоў з’яўляецца душпастырам кс. Рэйшаль, і шмат гасцей з іншых месцаў. Урачыстую Імшу падзякі ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што чалавека да служэння ў Касцёле заўсёды кліча Хрыстус. “Трэба нястомна дзякаваць Богу, бо гэта Ён глядзіць на чалавека ласкавым вокам і кліча да служэння”, - дадаў біскуп.

Іерарх нагадаў таксама шлях кс. Рэйшаля да святарства, які не быў лёгкім. Перш чым паступіць у семінарыю ў Рызе, ён 12 гадоў працаваў паштальёнам. Любіў кантактаваць з людзьмі, бо як працаўнік пошты меў такіх нагод вельмі шмат.

Па словах біскупа, сярэбраны юбілей святара сплятае ўсе дні яго служэння і прапануе зірнуць на пройдзены шлях. Іерарх заахвоціў кс. Рэйшаля дзякаваць Божаму Провіду за гэты прамежак часу і за ўсіх людзей, якіх Бог паставіў на яго шляху.

jubilejzaludok 21

Урачыстасць юбілею святарства з’яўляецца таксама асаблівым момантам, каб суольна памаліцца Пану жніва аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. Іерарх заклікаў маладых людзей, прысутных у святыні, смела ступаць па зямлі і выхоўваць у сабе адвагу, якая асабліва патрэбна маладому пакаленню.

Ксёндз Ян Рэйшаль, які рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў дзень святкавання сярэбранага юбілею быў абвешчаны ганаровым канонікам катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра, падзякаваў Богу за дар паклікання, а Найсвяцейшай Маці за апеку.

Святар выказаў таксама асаблівую падзяку ўсім тым, хто кожны дзень на працягу 25 гадоў разам з ім ідзе тым самым шляхам, які вядзе чалавека да святасці. Простымі словамі ён звярнуўся да сваіх вернікаў, поўны ўзрушанасці: “Дзякую за ўсё і прашу прабачэння, калі кагосьці калісьці пакрыўдзіў. Маліцеся, прашу, далей за мяне”.

Ксёндз Рэйшаль адзначыў, што за час яго служэння ў парафіі з яе выйшлі трое святароў і дзве манахіні.

Урачыстасць завяршылася пажаданнямі, якія выказваліся юбіляру. Дзякавалі дзеці і моладзь, якія назвалі сябе “духоўнымі дзецьмі” пробашча, бо, па іх словах, менавіта кс. Рэйшаль быў распарадчыкам святых сакрамэнтаў, якія яны прынялі.

За руплівае служэнне і за тое, што ён з’яўляецца найперш чалавекам, а потым святаром, дзякавала старэйшае пакаленне, прадстаўнікі якога падкрэслілі, што іх пробашч з вялікай актыўнасцю і вялікай любоўю служыць ім кожны дзень.

Віншаванні складалі і прысутныя біскупы. Усе жадалі юбіляру заставацца тым жа чалавекам, поўным энергіі, маладосці і энтузіязму, і далей з тым жа маладым запалам ісці наперад.

Кс. Юрый Марціновіч