20 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Кемелішкі - парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас урачыстай Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі гэтай парафіі, а таксама жыхарам Вялікіх Свіранак з парафіі Св. Юрыя.
Вітаючы свайго біскупа, вернікі адзначылі, штэ гэтая ўрачыстасць з'яўляецца для іх сапраўдным святам, да якога яны рыхтаваліся на працягу доўгага часу. Пробашч парафіі кс. Павел Гардзейчык дадаў, што праз малітву і намашчэнне святым алеем хрызма ў сакрамэнце канфірмацыі маладыя людзі атрымаюць дары Духа Святога, якія так неабходны кожнаму чалавеку. Святар падкрэсліў, што праз гэты сакрамэнт маладыя вернікі будуць старацца кожны дзень вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе правілаў.
Пасля таго, як маладыя людзі прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, біскуп Кашкевіч заахвоціў іх, каб яны штодзень давалі сапраўднае сведчанне пра Хрыста ў сваіх супольнасцях і мелі адвагу прызнаваць, што належаць да Касцёла.
Іерарх адзначыў, што Касцёл спадзяецца на маладых людзей, ад якіх залежыць будучыня нашага свету, краіны і Касцёла. "Будзьце людзьмі веры, будзьце паслухмянымі Духу Святому, які няспынна падтрымлівае чалавека і вядзе Касцёл па дарозе жыцця", - дадаў біскуп Аляксандр.
Кс. Юрый Марціновіч