Skip to main content

Парафіяльны фэст, прысвечаны 100-годдзю фацімскіх аб'яўленняў, адбыўся ў Юрацішках

juraciszki fest 1013 мая ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках адбыўся парафіяльны фэст, прысвечаны 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў. Св. Імшу ўзначаліў кс. дзекан Віктар Субель. Божае Слова да парафіян скіраваў а. Андрэй Агель SP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Звяртаючыся да вернікаў, а. Андрэй распавёў, што ў 1917 г. Папа Бенедыкт XV у сваім пастырскім пасланні, звернутым да католікаў усяго свету, настойліва патрабаваў аднаўлення міру (памятаем, што ў той час ішла І Сусветная вайна). "Праз некаторы час Маці Божая аб’яўляецца свету і просіць аб спыненні вайны, просіць аб супакоі. І не проста просіць, але дае людзям сродкі дасягнення міру і згоды: навяртанне, пакаянне і малітву. Як Езус вучыў вучняў малітве “Ойча Наш”, так Марыя навучае нас малітве Ружанца", - адзначыў манах.

А. Андрэй таксама ўзгадаў, што падчас замаху на Папу Яна Паўла ІІ 13 мая 1981 г. Святога Айца выратавала тое, што ён азірнуўся на дзяўчынку, якая трымала абраз Маці Божай Фацімскай. Святар прыводзіў прыклады з гісторыі, калі людзі розных нацыянальнасцяў, рознага сацыяльнага статусу, рознага ўзроўню адукацыі маліліся на Ружанцы і ўшаноўвалі Маці Божую. "Так і сёння пасланне Маці Божай з’яўляецца актуальным і патрабуе ад нас навяртання, пакаяння і малітвы", - сказаў айцец.

Напрыканцы а. Андрэй распавёў легенду аб тым, як Бог папрасіў Анёла прынесці з Зямлі самую прыгожую рэч. Анёл доўга лётаў, шукаў. Урэшце ўбачыў шыкоўную кветку і занёс яе Пану. Але Бог сказаў, што гэта не самая прыгожая рэч. Анёл яшчэ з большым імпэтам пачаў шукаць. Тут Анёл убачыў, як жаўнер аддаў сваё жыццё на вайне, ратуючы Радзіму. Анёл узяў кроплі крыві жаўнера і аднёс іх Богу. Але і цяпер Усявышні не быў задаволены цалкам і наказаў Анёлу за трэцім разам не памыліцца. Анёл жа ўбачыў, як ля прыдарожнага крыжа, плачучы, маліўся мужчына і прасіў у Бога прабачэння за свае правіны. Анёл узяў слёзы гэтага чалавека і аднёс Богу. Тады Пан сказаў, што слёзы пакаяння і ёсць самая прыгожая рэч у свеце. Святар заклікаў як мага часцей прыступаць да сакрамэнту споведзі, не саромецца становіцца на калені і прасіць у Бога прабачэння за свае грахі.

На завяршэнне літургіі кс. Віталій падзякаваў прысутным святарам за супольную малітву і ўдзелены вернікам сакрамэнт споведзі. Скончылася св. Імша ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла і бласлаўленнем прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Вікторыя Пярлухіна