Skip to main content

Якое месца ў іх жыцці займае Марыя распавядаюць удзельніцы ДДМ

ddm paczatak  58 мая ў Навагрудку скончыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Удзельніцы сустрэчы распавядаюць пра свае адносіны з галоўнай асобай сёлетніх дзён – Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

 

Кім з’яўляецца для цябе Найсвяцейшая Панна Марыя?

Звярко Вераніка, 17 год, парафія Святога Казіміра ў Ліпнішках

zwiarko

Для мяне Маці Божая - гэта прыклад чысціні, пакоры і любові. Яна гаворыць “Маліцеся аб дары любові. Маліцеся, каб вашу любоў змаглі адчуць тыя, хто вас ненавідзіць”. Панна Марыя вучыць нас не быць ганарлівымі, а быць гатовым уступіць іншым. Вучыць любіць і прабачаць сваім ворагам. Прабачэнне – гэта вызваленне! Прабачаць не заўсёды лёгка, але гэта неабходна, каб пазбегнуць цяжару на сэрцы.

 

Ці жадаеш прысвяціць сваё жыццё Маці Божай?

Катовіч Вікторыя, 20 год, парафія Божага Цела ў Нясвіжы

katowicz

Так, сапраўды! Для мяне Марыя – гэта прыклад пакоры, цвёрдай веры, чысціні і вялікай агністай любові. Марыя заўсёды дапамагае кожнаму са сваіх дзяцей. Яна нікому не адмаўляе і не адкідвае, а толькі ўсё больш прытуляе да свайго вялікага сэрца. Прысвячаючы сваё жыццё Маці Божай, разумею, што магу даверыць Ёй усе мае справы, свае клопаты, сумнівы, і цвёрда веру, што разам з ёй я шчаслівая. Жыву ў радасці, бо мая Маці – нябесная апякунка Марыя – заўсёды побач. Прысвячаю Нябеснай Каралеве сваё жыццё і захапляюся Яе вялікай любоўю.

 

Што значыць для цябе дэвіз сёлетніх ДДМ “Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю”?

Роман Кацярына, 17 год, парафія Беззаганнага Зачацця найсвяцейшай Панна Марыі ў Лідзе-Слабадзе

roman

Гэта дэвіз нагадвае нам, што не трэба забываць пра нашую нябесную маці Марыю, якая з намі кожную хвіліну і накіроўвае ісці па жыцці за Езусам Хрыстом. Кожны дзень, асабліва цяпер у Навагрудку, мы дзякуем Марыі за тое, што Яна заступаецца за намі і ўсім светам перад Панам Богам.

 

Якія цноты, характэрныя для Марыі, ты практыкуеш або хочаш практываць у сваім жыцці больш?

Крысенэль Анастасія, 15 год, парафія святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранава

krynsel

Марыя – гэта прыклад надзеі, пакоры, любові, чысціні і служэння Богу і іншым, а таксама той, якая выконвае Божую волю. Падчас дзён моладзі я зразумела, што ўсе цноты, характэрныя для Марыі, я спрабую практываць у сваім жыцці. Чысціня веры... Як і Марыя, я аднойчы паверыла ў Езуса і больш не адыходжу ад сваёй веры. Падчас катэхезы ў катэхезах я даведалася, што “Дом – гэта Марыя, а фундамент – гэта Слова Божае”. Марыя ішла побач з Хрыстом і служыла Яму да самай смерці. Так і нас яна ніколі не пакіне. Я лічу, што нам неабходна прытрымлівацца прыкладу Марыі. У маёй парафіі моладзь, у тым ліку і я, з вялікім жаданнем і радасцю наведваем ўрокі рэлігіі, адарацыі і Святую Імшу, бо дзе Езус і Марыя – там неба. Варта звяртацца да Іх у цяжкіх момантах жыцця, і Яны, напэўна, дапамогуць і давядуць да збаўлення. “Хто з Божай воляй згаджаецца – ніколі не памыляецца!” Так лічылі нашыя продкі. Я поўнасцю згодна з імі. Толькі жыццё, цалкам даверанае Богу, можа прынесці сапраўдную радасць.

Анастасія Мішкура