Skip to main content

Біскуп Станеўскі да ўдзельнікаў ДДМ: “Ідзіце насустрач Хрысту!”

sw imsza ddm 106 мая, у першы дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Навагрудку Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Моладзь прывітала біскупа дэвізам сёлетніх ДДМ: “Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю”.

Дэвіз Дзён моладзі, які радасна гучыць з вуснаў маладых людзей, заклікае даверыць сваё жыццё Богу праз Панну Марыю.

Вітаючы ўдзельнікаў ДДМ, кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла, якая прымае моладзь, адзначыў, што для парафіі і горада вялікі гонар і радасць, што ім выпала магчымасць прымаць столькі маладых людзей. “Дзякуем Богу за вас. Гэта вялікі дар, што вы тут”, - дадаў святар.

Навагрудак з’яўляецца выключным месцам, якое мае вельмі багатую гісторыю і традыцыю. З гэтым горадам звязана ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, вядомы пісьменнік Адам Міцкевіч і 11 назарэтанак-мучаніц.

У гаміліі, звяртаючыся да моладзі, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што вельмі важна сёння ісці наперад. “Нельга ніколі стаяць на месцы”, - сказаў іерарх, дадаўшы, што трэба няспынна развіваць сваю веру.

“Маладыя людзі, вам трэба сёння ісці ў добрым напрамку, каб заўсёды бачыць іншага чалавека, а не звяртаць увагу толькі на сябе”, - дадаў біскуп. Іерарх падкрэсліў, што ад маладога пакалення залежыць будучыня Касцёла, грамадства і краіны.

sw imsza ddm 13

“Просім вас: будзьце ў дарозе! Ідзіце насустрач Езусу Хрысту! Няхай вам заўсёды спадарожнічае Найсвяцейшая Панна Марыя! Дакранайцеся да іншага чалавека з любоўю і дабрынёй”, - заахвоціў да канкрэтнага дзеяння біскуп.

Маладыя людзі, засяроджаныя на малітве і поўныя ўнутранай радасці, распачалі літургіяй цудоўны час з Богам і іншым чалавекам.

Анастасія Мішкура, кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая