Skip to main content

У Смаргоні адбыўся фінальны тур “Бітвы мікрараёнаў”

sdb bitwa mikrarajonau 722 красавіка ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбыўся фінальны, творчы тур моладзевага праекта II “Бітва мікрараёнаў”.

Дагэтуль каманды прынялі ўдзел у трох турах – прадстаўленне, інтэлектуальны і спартыўны. У выніку каманды мелі наступныя балы: “VK” – 640 балаў, “Непадобныя” – 599 балаў, “Black band” – 598 балаў.

Св. Імшу, з якой традыцыйна пачынаўся кожны з тураў праекта, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і адзначыў: "Нягледзячы на тое, што ў назве праекта ёсць слова “бітва”, яна павінна быць заўсёды з Богам і грунтавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях". Падчас гаміліі дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Алег Жураўскі SDB нагадаў пра агульны настрой для ўдзельнікаў фінальнага тура: “Мы прымаем удзел у “Бітве мікрараёнаў” не дзеля таго, каб стаць пераможцамі, але дзеля таго, каб у любові адзін да аднаго падзяліцца тым, што маем”.

sdb bitwa mikrarajonau 1

 

У невялікай зале араторыя сабралося каля паўтысячы чалавек: удзельнікі каманд, заўзятары, бацькі, сябры і госці. Сярод журы прысутнічалі ксёндз-пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла Алег Жураўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, прадстаўнікі ДУА “Смаргонская школа мастацтваў ім. М. К. Агінскага”, ДУА “Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, журналісты мясцовай газеты “Светлы шлях”, салезіяне-супрацоўнікі, адна з сясцёр салезіянак.

sdb bitwa mikrarajonau 3

Падчас чацвёртага тура неабходна было паказаць свае таленты ў 6 конкурсах: песня, танец, дэкламаванне верша, малюнак, фотаздымак і жартоўная размінка.

Падчас конкурсу песні былі прадстаўлены творы з глыбокім сэнсам. 

Конкурс танца здзівіў сваёй разнастайнасцю жанраў і ідэямі пастаноўкі. Сучасны танец каманды “Black band” з удзелам не толькі моладзі, але і дзяцей, трымаў залу ў захапленні. Танцавальная вандроўка па краінам свету каманды “VK” акунула кожнага гледача ў захапляльнае відовішча. Каманда “Непадобныя” сваім выступленнем прымусіла задумацца над супрацьстаяннем дабра і зла ў свеце.

sdb bitwa mikrarajonau 4

Дэкламаванне вершаў беларускіх аўтараў з прадстаўленнем на сцэне дало магчымасць пераканацца ў крэатыўнасці і непаўторнасці кожнай каманды. Журы найбольш уразіў верш “Чатыры лясы” каманды “Black band”. Яго чытала сама аўтарка Ала Клемянок. Падчас дэкламавання ўдзельнікі арганізавалі на сцэне сапраўдны тэатр ценяў. Гэтае прадстаўленне атрымала вышэйшую адзнаку журы.

sdb bitwa mikrarajonau 6

Наступныя два этапы творчага тура – конкурс малюнкаў і конкурс фотаздымкаў. Конкурс малюнкаў праходзіў за некалькі гадзін да пачатку 4 тура. Прадстаўнік з кожнай каманды на працягу дзвюх гадзін тварыў на тэму “Бітва праз любоў”. У конкурсе фотаздымкаў неабходна было знайсці вакол сябе сюжэт на біблейскую тэму “Дарога ў Эмаус”.

Пакуль падводзіліся агульныя вынікі II “Бітвы мікрараёнаў”, слова трымала журы, усе члены якога выказвалі адну і тую ж думку: смаргонская моладзь уразіла талентамі і творчым падыходам да конкурсаў. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB адзначыў, што парафія Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні жыве і развіваецца, што атмасфера гэтага вечара перадала сямейны дух і радасць, якой жыве моладзь гэтага горада. Рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB таксама быў уражаны выступленнем: "Я шмат чуў пра гэты праект, але тое, што ўбачыў, стала для мяне вялікім і прыемным сюрпрызам". Ён таксама выказаў шчырыя словы падзякі арганізатарам праекта.

sdb bitwa mikrarajonau 2

Па вініках чатырох тураў у праекце перамагла каманда “VK”, якая набрала 872 балы. Другое месца заняла каманда “Непадобныя” з 841 балам. Трэцяй стала каманда “Black band”, якая ў выніку атрымала 824 балы.

Усе ўдзельнікі і гледачы атрымалі маленькія сувеніры ад арганізатараў – памятныя кішэнныя каляндарыкі II “Бітвы мікрараёнаў” з раскладам працы араторыя. Кожная каманда была ўзнагароджана памятным дыпломам і сертыфікатам на вячэру ў кафэ.

Узнагароджанне каманд і вячэрнюю малітву ўзначаліў біскуп Аляксандр. "У Бога няма пэўных месцаў, няма лепшых і горшых, для Яго ўсе роўныя", - адзначыў на заканчэнне іерарх.

Галоўная мэта II “Бітвы мікрараёнаў” была дасягнута. У ёй прыняла ўдзел вялікая колькасць моладзі, якая да гэтага часу ўвогуле не ўяўляла сабе такі варыянт адпачынку і сумеснага правядзення вольнага часу. Шмат настаўнікаў, улады горада, школьнікі і студэнты даведаліся пра салезіянскі араторый, пра постаць св. Яна Боско і салезіянскую харызму.

Паводле sdb.by