22 красавіка ў навагрудскім касцёле Святога Міхала Арханёла адбыўся велікодны канцэрт арганнай музыкі і вакальнага спеву. На пачатку мерапрыемства прысутныя ў хвіліне ціхай малітвы ўспомнілі спачылага кс. Леаніда Несцюка, па ініцыятыве якога ў Гервятах праходзілі вядомыя ва ўсёй Беларусі і па-за яе межамі арганныя і вакальныя канцэрты.
На канцэрце сабралося каля паўтысячы чалавек. Прысутнічалі ганаровыя госці: кс. Віталь Цыбульскі - душпастыр ва Усялюбе, кіраўнік Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч са сваім намеснікам і іншыя.
У ліку выканаўцаў арганнай музыкі былі піяніст і арганіст Іван Кучарэнка, арганіст Андрэй Міхневіч, салістка камернага хора Фінберга Таццяна Глазунова і вакальная група "Арнамент". У музычнай праграме дамінавала пасхальная тэматыка, творы “Pie Jesu” Эндру Вэбера, “Halleluajah” Леанарда Коэна (была выканана на bis), “Amen Alleluja” Георга Гендэля, “Veni Veni Emmanuel” i Пасхальныя каноны.
Фота і тэкст Генуты Грыцутэ