Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі ў Суботніках

subotniki 822 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала 50 чалавек.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі асабліва патрэбны маладому чалавеку, каб штодзённа даваць сведчанне сваёй веры і жыць паводле яе правілаў: "Так як цела, біялагічны арганізм, узмацняецца матэрыяльным пасілкам, таксама наш дух патрабуе духоўнай ежы", - дадаў іерарх.

Біскуп Гродзенскі падкрэсліў, што менавіта дары Святога Духа з'яўляюцца такім нябесным пасілкам, які ўзмацняе чалавечы дух, каб той мог дзейнічаць, правільна разумець рэчаіснасць і мець адпаведны, Божы погляд на жыццё.

Звяртаючыся да кандыдатаў, іерарх выразіў жаданне, каб яны на сваім жыццёвым шляху трымаліся блізка Хрыста. "Дарога, на якую запрашае вас Езус, не з'яўляецца лёгкай, але патрабуе намаганняў і ахвярнасці. Гэта дарога запаведзяў і бласлаўленняў, пакоры і служэння, паяднання і прабачэння. Адным словам, гэта шлях любові да Бога і чалавека", - дадаў біскуп. 

subotniki 13

Ардынарый адзначыў, што не кожны хоча ісці гэтай дарогай, бо для многіх яна аказваецца занадта складанай, не да пераадолення. Але Хрыстус запэўнівае, што гэта адзіны шлях, якім варта ісці. "Адзіны, бо толькі ён вядзе да поўнага і сапраўднага шчасця, аб якім у глыбіні сэрца марыць кожны чалавек", - дадаў іерарх.

Кандыдаты перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі аднавілі свае прысягі хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту. Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да біскупа і атрымлівалі незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.

На заканчэнне святой Імшы тыя, хто атрымаў сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць біскупу, свайму пробашчу кс. Аляксандру Лебядзевічу і ўсім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў Святога Духа, і паабяцалі быць годнымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і жывым Евангеллем для іншых людзей.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Людміла Пясецкая