15 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую літургію Пасхальнай вігіліі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У літургіі прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы i Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
Пасхальная вігілія перадае праўду аб новым жыцці
Літургія складалася з чатырох частак: літургіі святла, літургіі слова, літургіі хросту і эўхарыстычнай літургіі. Падчас гэтай літургіі ў святыні зноў прагучала радаснае "Аллелюя". A ўрачысты грыгарыянскі спеў “Exsultet” абвясціў аб уваскрасенні Езуса Хрыста, які перамог смерць і пекла.
Літургія Пасхальнай вігіліі з’яўляецца найбольш урачыстай ва ўсім літургічным годзе. Па сваёй сутнасці гэта начное чуванне ў гонар Пана, якое ўзгадвае пра выйсце ізраэльскага народа з егіпецкай няволі і пра ноч уваскрасення Хрыста.
Мэта гэтага – нагадаць вернікам, што гэта найвялікшая падзея не толькі ў час велікодных святаў, але і ва ўсёй гісторыі чалавецтва. Гэтая літургія поўная сімвалаў, дзякуючы якім перадае праўду аб новым жыцці.
Цэлебрацыя Пасхальнай вігіліі ў гродзенскай катэдры пачалася асвячэннем агню звонку святыні і запальваннем пасхала – вялікай свечкі, сімвалізуючай святло Хрыста.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што “гроб Хрыста пусты, а Езус чакае звонку нашага ўваскрасення”.
Езус можа адсунуць камень зла і граху
Па словах святара, уваскрослы Езус сваёй боскай моцай можа таксама адсунуць камень зла і граху, які прыгнятае чалавека і робіць духоўна мёртвым.
„Для некаторых з нас гэта камень гневу і нянавісці. Для іншых – камень эгаізму, клопату толькі пра ўласнае дабро. Для яшчэ іншых – камень зайздрасці, бо хтосьці здольны рабіць лепш за мяне або яму лепш жывецца...” – дадаў кс. Юрый Марціновіч, патлумачыўшы, што Хрыстус жадае, каб усе людзі паўсталі з грабніцы сваіх заганаў і грахоў.
„Езус здыме з нас бруднае адзенне граху і нашы маскі і абмые ў святле сваёй любові. А потым апране нас у белае адзенне – тое самае, якое кожны атрымаў у дзень святога хросту”, – сказаў святар.
Як адзначыў ксёндз Юрый Марціновіч, уваскрослы Хрыстус запэўнівае, што, як Ён перамог зло і смерць, так кожны чалавек таксама можа перамагчы зло дабром пры ўмове, што адкрые для Яго сваё сэрца.
Падчас гэтай урачыстай цэлебрацыі вернікі аднавілі абяцанні хросту. Як Божыя дзеці, якіх асвяціў Хрыстус, яны адракліся ад граху і вызналі веру, у якой былі ахрышчаны. Такім чынам яны выказалі жаданне быць сапраўднымі сведкамі ўваскрослага Хрыста ў сённяшнім свеце праз моцную веру і высакародны ўдзел у праўдзівым перажыванні хрысціянства.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне звярнуўся да ўсіх са словамі святочных віншаванняў. „Няхай перамога Хрыста над смерцю апраменіць радасцю кожны дзень вашага жыцця, няхай напоўніць супакоем і верай вашыя сэрцы, няхай дазволіць верна ісці за Панам і Збаўцам шляхам веры, надзеі і любові”, – пажадаў іерарх, запэўніўшы ў сваёй малітве ў інтэнцыі ўсіх дыяцэзіян.
Пасля літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі вярнуліся дадому, каб абвяшчаць, што любоў мацнейшая за нянавісць, а жыццё за смерць, і каб паведаміць усім, што Хрыстус сапраўды жыве.
JM
Фота: Вольга Сяліцкая