Skip to main content

Пальмовая нядзеля ў Гродне: Езус нашым адзіным Збаўцам і Адкупіцелем

palmovaja grodna 109 красавіка ў Гродне ўрачыста адзначылі Пальмовую нядзелю. У гэты дзень на запрашэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча адказала шмат маладых людзей. Яны прыбылі з розных куткоў дыяцэзіі, каб пад дэвізам  "Вялікае ўчыніў мне Усемагутны" (Лк 1,49) разам адсвяткаваць Сусветны дзень моладзі. Сёлета гэты дзень адзначаецца ў 32-і раз.

Моладзь прыбыла ў Гродна, каб сведчыць, што Панам іх жыцця з'яўляецца Езус Хрыстус, і менавіта Яго яны хочуць паставіць на першае месца ў сваім жыцці. Хлопцы і дзяўчаты, а таксама іншыя вернікі горада сабраліся на бернардынскім узгорку, урачыста распачаўшы Нядзелю Мукі Пана. 

palmovaja grodna 3Пальмовая нядзеля - шырока адкрытай брамай Вялікага Тыдня

Моладзь прынесла з сабой пальмовыя галінкі - сімвал жыцця, якое адраджаецца. Маладыя вернікі некаторых парафій дыяцэзіі прыйшлі з прыгожымі велічнымі пальмамі, якія доўгі час стваралі і аздаблялі ў сваіх парафіяльных супольнасцях. Прыносіць гэтыя вялікія пальмы ў гродзенскую катэдру на Пальмовую нядзелю стала традыцыяй.

Асвячэнне пальмаў здзейсніў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля працэсія вырушыла са спевам да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, дзе адбылася св. Імша.

Падчас шэсця моладзь спявала, выказваючы так сваю веру і прыналежнасць да вялікай сям’і — Каталіцкага Касцёла. Падчас працэсіі можна было адчуць сапраўдную радасць. Яна паказала, што наш Касцёл мае шматлікіх людзей, якія неабыякава ставяцца да спраў Касцёла, і хочуць дзяліцца перажываннем сваёй веры з іншымі.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Пальмовая нядзеля, у час якой мы ўзгадваем урачысты, трыумфальны ўезд Езуса ў Іерусалім, з’яўляецца быццам святочна аздобленай і шырока адкрытай брамай, якая ўводзіць нас у літургію Вялікага тыдня – у адзначэнне Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста.

Іерарх адзначыў, што на бліжэйшым тыдні Касцёл будзе перажываць найважнейшыя падзеі з зямнога жыцця Езуса Хрыста, будзе сведкам Апошняй вячэры, якую Езус спажыў са сваімі вучнямі, а таксама сведкамі Яго малітвы ў Аліўным Садзе.

"Будзем спадарожнічаць Езусу падчас несправядлівага абвінаваўчага працэсу і пачуем воклічы натоўпу: “Укрыжуй Яго!”. Будзем перажываць Муку Хрыста і ўзірацца ў Яго крыж. А потым надыдзе вялікая цішыня, калі змучанае цела Езуса знойдзе спачын у магіле і застанецца там ажно да Велікоднай раніцы, калі разам з жанчынамі мы ўсвядомім, што магіла Хрыста пустая, а наш Збаўца жыве", - дадаў іерарх. 

Біскуп Гродзенскі адзначыў, што кожны чалавек мае ў сабе прыроджанае жаданне дабра, праўды, Бога, але адначасова з’яўляецца слабым і падатлівым спакусе.

Пальмовая нядзеля - выйсцем на дарогу праўды, справядлівасці і дабра

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Пальмовая нядзеля павінна стаць выхадам на дарогу, якая давядзе чалавека да вечнага шчасця - збаўлення. "У нас вядзецца няспынная ўнутраная барацьба паміж дабром і злом, праўдай і хлуснёй, святлом і цемрай. Пан Езус выдатна разумеў гэтую трагічную слабасць нашай людской натуры. І таму пастаянна навучаў, угаворваў, скіроўваў людзям заклік да навяртання і пакаяння, прапанаваў змяніць сваё жыццё і паводзіны, выйсці на дарогу праўды, справядлівасці і дабра", - дадаў біскуп Кашкевіч. 

Біскуп Гродзенскі ўзгадаў таксама і пра працэсію з вербамі: "Мы сёння прайшлі з вербамі ў руках у святочнай працэсіі вуліцамі нашага горада, каб даць сведчанне свайго трывання пры Хрысце. Публічна заявілі аб тым, што для нас Ён з’яўляецца адзіным Збаўцам і Адкупіцелем. У Ім наша надзея, Ён крыніца і мэта нашага жыцця".

Біскуп заклікаў маладых людзей не баяцца запрасіць Хрыста ў сваё жыццё і кіравацца за Ім дарогай крыжа i памятаць, што ў канцы гэтага шляху чакае не нябыт смерці і цемра магілы, а радасць Велікоднай раніцы, якая абвяшчае нам паўнату жыцця.

palmovaja grodna 15Пасля Імшы маладыя людзі яшчэ некаторы час праслаўлялі Бога рэлігійнымі песнямі. Пальмовая нядзеля ў Гродне паказала, што Касцёл на Гродзеншчыне - жывая супольнасць, якая расце і развіваецца. Гэты дзень стаў своеасаблівым абуджэннем мясцовых католікаў са сну.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: кл. Томаш Мікалайчык