27-29 сакавіка, падчас школьных канікул, міністранты з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай – у цэлым 21 чалавек – выехалі на інтэграцыйна-рэкалекцыйны адпачынак.
Падчас адпачынку міністранты разам з апекуном а. Паўлам Раманчуком OFMConv спачатку змаглі паказаць свае здольнасці ў плаванні, наведаўшы аквапарк. Нават самыя малодшыя ўдзельнікі не спалохаліся экстрэмальных забаваў.
Затым міністранты прыбылі ў Парэчча, дзе групу сардэчна і гасцінна прынялі мясцовыя законныя сёстры. Узрост міністрантаў быў ад 7 да 14 гадоў, але інтэграцыйныя забавы, супольная малітва дазволілі ім з’яднацца ў адну сям’ю, атмасфера была поўнай павагі і хрысціянскай любові.
Удзельнікі былі поўныя энергіі, таму праграма была дастаткова напружанай: пад’ём у 8.30, малітвы, сняданак, катэхеза, затым розныя забавы (футбол, шахматы, шашкі, арыентаванне на мясцовасці з дапамогай мапы). Пасля абед, а ў сераду – вогнішча, малітвы і далейшыя забавы. Кульмінацыйным момантам была Эўхарыстыя, у якую міністранты актыўна ўключаліся праз спеў, служэнне і чытанне. Затым была вячэра, малітвы і прагляд фільма.
Удзельнікі атрымалі шмат уражанняў і вярталіся дадому радасныя.
AG