Skip to main content

Прадстаўнік Астравецкага райвыканама пра кс. Леаніда Несцюка: “Ён пастаянна знаходзіў нешта новае і рэалізоўваў гэта”

raivykankam 3Гродзенская дыяцэзія развіталася са спачылым кс. Леанідам Несцюком, імя якога залатымі літарамі ўпісалася ў гісторыю астравецкай зямлі. 21 год ён быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах.

Выразы пашаны заўсёды скіроўваліся да святара ад раённых уладаў, якія называлі яго “гонарам раёна”.

raivykankam 1

У размове з карэспандэнтам grodnensis.by намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла адзначыў: “Ксёндз Леанід Несцюк вельмі шмат зрабіў для гервяцкага краю, перш за ўсё праз святыню, якая сёння дагледжаная і адбудаваная, - гэта дзякуючы яго асабістым старанням, сувязям, пошукам спонсараў і людзей, якія гатовыя падтрымаць. Людзі заўсёды бачылі, што тое, што яны ахвяруюць, адразу знаходзіць сваё ўвасабленне ў касцёле. Кожны год адбывалася штосьці новае. З апошніх набыткаў у святыню гэта скульптуры двух укрыжаваных злодзеяў, добрага і злога. Вокны замяніліся цудоўнымі вітражамі, якія прадстаўляюць выявы святых”.

“Ён пастаянна знаходзіў нешта новае і рэалізоўваў гэта. Для парафіян, іншых людзей і кіраўнікоў прадпрыемстваў гэта заўсёды было прывабна, што іх дапамога і падтрымка знаходзіць увасабленне”, - дадаў намеснік старшыні райвыканкама.

raivykankam 2

“Ён быў чалавекам для ўсіх сваім. Ён здолеў аб’яднаць і палякаў, і літоўцаў, і беларусаў нават у адным набажэнстве, - сказаў Віктар Свіла. – Для кожнага было ў яго добрае слова, якое прамаўляў на іх мове. Наш раён даволі складаны і ў канфесійным, і ў нацыянальным сэнсе, і нам як мясцовым уладам, каб будаваць граматна палітыку, патрэбны такія добрыя парады, а ён у гэтым сэнсе быў незаменны”.

Ксёндз Леанід Несцюк нарадзіўся 24 мая 1955 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Людвікас Павілоніс 22 мая 1982 г. у Каўнасе. З 1996 г. быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. У 2016 г. узнагароджаны медалём І ступені "За заслугі перад Вільнюсам і яго народам". Узнагарода была ўручана ў гарадской ратушы Вільнюса падчас святкавання дня Гервяцкай літоўскай абшчыны, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі літоўскага Сейма.

За час служэння ў Гервятах кс. Несцюка мясцовы касцёл цалкам перамяніўся: быў абноўлены фасад, дах, прылеглая тэрыторыя ператварылася ў маленькі Версаль. Святар стварыў вакол касцёла дэндрапарк з рэдкімі дрэвамі, для чаго прайшоў курс ландшафтнага дызайну. У парку з’явілася плошча са скульптурамі Міхала Арханёла і 12 апосталаў. За святаром, жадаючы адпавядаць іміджу самай прыгожай вёскі раёна, імкнуліся ўпрыгожыць свае тэрыторыі мясцовыя жыхары, установы, арганізацыі.

У касцёле праводзяцца вакальныя і арганныя аркестры з удзелам вядомых беларускіх і замежных выканаўцаў. Касцёл у Гервятах знаходзіцца ў ліку найбольш папулярных месцаў у маршрутах турыстаў з розных краін. Гэта адзіны касцёл у Беларусі, у архітэктуры якога захаваны ўсе нормы і правілы готыкі.

Ксёндз Леанід Несцюк адышоў у вечнасць 24 сакавіка ў бальніцы ў Вільнюсе. Пахавальная Імша адбылася 27 сакавіка ў Гервятах, пасля яе цела спачылага было пахавана каля касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч, AG