Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч ва ўрачыстасць Звеставання Пана: прыняць з рукі Бога ўсё, што Ён для нас падрыхтаваў

brygidki adpust 1525 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

На cвятой Імшы прысутнічалі жыхары Гродна, мясцовае духавенства і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У гэты дзень сваё свята адзначала таксама супольнасць правінцыяльнага законнага дома ў Гродне Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Адпустовую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гэты дзень многія вернікі далучаюцца да ініцыятывы "Духоўнае ўсынаўленне". Гэта добрая магчымасць выратаваць ад смерці ненароджанае дзіця, якому пагражае аборт, падтрымліваючы яго сваімі малітвамі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Звеставанне Пана з’яўляецца вельмі вялікай падзеяй у гісторыі збаўлення.

brygidki adpust 4

„Сын Божы – спрадвечнае Слова Айца – становіцца чалавекам і, перш чым пабачыў Яго свет, пачынае сваё зямное жыццё пад сэрцам Найсвяцейшай Панны Марыі”, - сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што Тая, якую Бог спрадвеку абраў быць Маці Свайго Сына, першая пачула радасную навіну аб прыйсці ў свет Збаўцы, і, больш за тое, рэалізацыя гэтага Божага плану залежала ад Яе згоды. “Гэта азначала адмовіцца ад уласных планаў і чаканняў адносна будучыні, цалкам даверыцца Пану Богу і пайсці ў невядомы шлях, які Ён сам укажа”, - патлумачыў гродзенскі ардынарый.

Іерарх заўважыў, што Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі з’яўляецца ў пэўным сэнсе вобразам кожнага хрысціянскага паклікання і нагадвае, што сапраўдная вера засноўваецца на даверы Богу.

„Верыць – гэта значыць давяраць Пану Богу і казаць Яму „fiat” кожны дзень. Верыць – гэта быць гатовым прыняць з рукі Бога ўсё, што Ён для нас падрыхтаваў”, - сказаў біскуп.

brygidki adpust 18

На заканчэнне іерарх заклікаў вернікаў у штодзённай гонцы жыцця заўсёды знаходзіць Бога, давяраць Яму сваё жыццё і на ўзор Панны Марыі спаўняць Яго волю.

Адпустовая ўрачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленнем.

brygidki adpust 8

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая