10 сакавіка прыпадае 75-я гадавiна смерцi 9 святароў Лідчыны, якія зведалі мучаніцкую смерць ад рук нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны.
Арышты ў Лідзе і ваколіцах падчас ІІ Сусветнай вайны былі часткай акцыі супраць палякаў. Нацысты, прыйшоўшы на гэтыя землі, спачатку ліквідавалі камуністаў, затым яўрэяў і нарэшце распачалі знішчэнне польскай інтэлігенцыі.
29 чэрвеня 1942 г. былі арыштаваны святары парафіі ў Лідзе (Слабада): пробашч кс. Вінцэнт Лабан і вікарый кс. Люцыян Мрачкоўскі. Праз некалькі дзён быў арыштаваны кс. Стэфан Снягоцкі, вікарый лідскай фары. Былі зняволены і іншыя святары.
У Папяльцовую сераду 10 сакавіка 1943 года яны былі расстраляны. У хуткім часе парафіяне паклапаціліся аб тым, каб знайсці іх целы і пахаваць у вядомым месцы.
На старыя слабодскія могілкі парэшткі забітых святароў былі перанесены пасля 1960 года. Парэшткі былі складзены ў адну труну. "Толькі стулы былі як новыя, — узгадваюць сведкі эксгумацыі. — Але калі дакраналіся да стулаў, яны рассыпаліся".
На супольнай магіле быў пастаўлены помнік, на якім пазначаны імёны 9 святароў-мучанікаў.
Святарамі, якія 10 сакавіка 1943 г. прынялі мучаніцкую смерць ад гітлераўцаў, былі:
Кс. Вінцэнт Лабан, пробашч парафіі ў Лідзе (Слабада)
Кс. Люцыян Мрачкоўскі, вікарый парафіі ў Лідзе (Слабада)
Кс. Стэфан Снягоцкі, вікарый парафіі фарнага касцёла ў Лідзе
Кс. Аляксандр Аўгустовіч, пробашч парафіі ў Нецечы Кс. Стэфан Дабравольскі, пробашч парафіі ў Беліцы
Кс. Альфонс Бароўскі, пробашч парафіі ў Лацку
Кс. Францішак Цыбульскі, пробашч парафіі ў Трабах
Кс. Ежы Ажароўскі, пробашч парафіі ў Ліпнішках
Кс. Вінцэнт Стшэснеўскі, пробашч парафіі ў Юрацішках.
У гэты дзень у лідскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша, падчас якой духавенства дэканату і вернікі будуць дзякаваць Богу за дар жыцця і скарб веры гэтых святароў, дзякуючы якім сучасныя католікі маюць веру.
У гэтай лідскай святыні захаваліся келіх і крыж з часоў душпастыраў-мучанікаў. Хоць прайшло ўжо шмат гадоў, іх сведчанне прамаўляе да сённяшніх людзей.
Кс. Юрый Марцiновiч