Skip to main content

20 гадоў таму выйшаў першы нумар газеты “Слова Жыцця”

cake 1630185 128020 гадоў таму, у першыя дні сакавіка, выйшаў першы нумар газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця”.

Першы нумар газеты з’явіўся ў пачатку сакавіка 1997 г.., і адгэтуль адлічваецца час існавання газеты. Аднак трэба дадаць, што ідэя заснавання дыяцэзіяльнай газеты нарадзілася некалькі гадоў раней у Рыме.

Восенню 1994 г. у пасяджэннях Сінода Біскупаў прымаў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Менавіта там іерарх сустрэў кс. Яраслава Грынашкевіча, які вывучаў там сродкі масавай інфармацыі.

Біскуп прапанаваў яму: “Прыедзь у Гродна і дапамажы нам заснаваць каталіцкую газету”. Так усё пачалося. Пачатак існавання газеты не быў лёгкім, як заўсёды пры стварэнні чагосьці новага, патрабаваў вялікіх намаганняў і ўдзелу многіх людзей.

Назва газеты нарадзілася ў выніку дыскусій. “Слова” – бо яно заўсёды “было на пачатку”, “Жыцця” – бо Каталіцкі Касцёл у Беларусі пасля многіх гадоў пераследу патрабаваў новага подыху, жыцця. Газета была і застаецца адрасавана людзям, якія маюць патрэбу ў “Слове Жыцця”, якое перад гэтым забараняў атэістычны рэжым.

 

SZ

Першы нумар дыяцэзіяльнай газеты "Слова Жыцця"

 

“Слова Жыцця” – адзіная рэлігійная газета, якая існуе ў Гродзенскай дыяцэзіі, і адно з найстарэйшых каталіцкіх выданняў у Беларусі. Яна выходзіць раз у два тыдні ў дзвюх моўных версіях: польскай і беларускай. Характар газеты – рэлігійна-інфармацыйны. У ёй уздымаюцца вельмі важныя і блізкія кожнаму пытанні, якія разглядаюцца тут прафесійна, з развагай і без гонкі за павярхоўнасцю, эфектнасцю і ілюзорным бляскам. Спосаб евангелізацыі, абраны рэдакцыяй, дае магчымасць кожнаму чытачу праглядаць газету з даверам, як да знаёмага, якога цэніш і чыім меркаваннем цікавішся.

Жадаем, каб газета “Слова Жыцця” працягвала спаўняць важную ролю вестуна Добрай Навіны ў нашым Касцёле і ў свеце і такім чынам вяла сваіх чытачоў да жыцця ў Богу.

Галоўныя рэдактары газеты:

1997-2006 – кс. прэлат Яраслаў Грынашкевіч

2007 – жнівень 2009 – кс. Валерый Быкоўскі

2009 (верасень) – 2016 (чэрвень) – кс. Павел Салабуда

З ліпеня 2016 г. – кс. Юрый Марціновіч

JM