28 студзеня ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл) адбылася малітва, злучаная з любімымі калядкамі вернікаў. У сустрэчы прынялі ўдзел найперш дзеці, а таксама старэйшыя парафіяне.
Дзеці сабраліся ля сімвалічнай бэтлеемскай стаенкі, якая знаходзіцца ў святыні, каб ахвяраваць нованароджанаму Езусу свае падарункі: ігру на музычных інструментах, вершы. Але, як падкрэслівалася падчас малітвы, кожны чалавек павінен падарыць Езусу сваё сэрца, бо ў сэрцы можна найлепш прачытаць, якім чалавек з’яўляецца на самой справе.
На заканчэнне сустрэчы кожны ўдзельнік мог асабіста “развітацца” з Дзіцяткам Езусам, пацалаваўшы фігурку, і атрымаць благаслаўленне. Дзеці, якія ў гэты дзень прынялі ўдзел у малітве і спеве калядак, атрымалі ад пробашча парафіі а. Антонія Пажэцкага OFMConv шакалад.
Перыяд Божага Нараджэння завяршаецца нядзеляй Хросту Пана. Аднак святочныя дэкарацыі і сімвалічная бэтлеемская стаенка ў святынях застаюцца да свята Ахвяравання Пана, якое кожны год адзначаецца 2 лютага.
За некалькі дзён да гэтага свята ў многіх парафіях існуе звычай “развітання” са стаенкай. Тады вернікі цалуюць фігурку Езуса, пры гэтым часта робячы канкрэтныя пастановы, каб трываць у іх да наступных святаў Божага Нараджэння.
Кс. Юрый Марціновіч