Skip to main content

Адкрыць дар служэння ў адзінстве. У Гродзенскай катэдры адбылося экуменічнае набажэнства

ekumenicznaje 10Вернікі розных хрысціянскіх канфесій сабраліся 21 студзеня ў касцёле імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на экуменічным набажэнстве. На супольнай малітве ў інтэнцыі адзінства вызнаўцаў Хрыста прысутнічалі прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкага Касцёла, праваслаўнай і лютэранскай Цэркваў. Сёлета ў набажэнстве ўпершыню прыняў удзел пастар Царквы поўнага Евангелля "Жывое Слова" (пяцідзесятнікі) Дзмітрый Малюкевіч.

Экуменічнае набажэнства, якое прайшло пад дэвізам "Прымірэнне - любоў Хрыста ахапіла нас",  узначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

ekumenicznaje 1

Падчас сустрэчы кожны са святароў звярнуўся да прысутных з невялікай прамовай. Пастар лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў падзякаваў біскупу Аляксандру за магчымасць спаткацца на супольнай малітве ў гродзенскай катэдры і падкрэсліў, што асновай будовы ўзаемаадносін з'яўляецца прабачэнне і прымірэнне. Вызваліцца ад самазадаволенасці і адкрыць дар служэння ў адзінстве заклікаў ксёндз Антоній Грэмза.

Пастар Дзмітрый Малюкевіч адзначыў, што, "калі Божае Слова стане сапраўды відавочным і дзейсным для кожнага, тады «сцяна непаразумення» абрынецца сама па сабе". У сваю чаргу айцец Андрэй Крот, грэка-католік, звярнуў увагу, што, нягледзячы на крокі, якія кіраўнікі розных Цэркваў робяць насустрач адзін аднаму, хрысціяне патрабуюць большай згуртаванасці. Ён пажадаў усім вернікам знайсці ўласны шлях пераадольвання падзелаў паміж вызнаўцамі Езуса.

ekumenicznaje 12

Затым адбыліся абрады перадачы знаку супакою і святла: гродзенскі ардынарый запаліў ад Пасхалу свечкі і перадаў іх святло кожнаму прадстаўніку Цэркваў.

На заканчэнне ўсе прысутныя атрымалі пастырскае бласлаўленне.

Даведка:

Упершыню ідэю малітвы ў інтэнцыі адзінства хрысціян ажыццявілі ў XIX cт. святары з англіканскай Царквы: Джонс Спэнсэр і Пол Уотсан. Праз некаторы час апошні прыняў каталіцтва і распаўсюджваў ідэю еднасці хрысціян сярод каталікоў. Д. Спэнсэр працягваў рабіць тое самае сярод англіканаў.

Думку адзінства вызнаўцаў Хрыста развіў ксёндз Пол Кутур'е, які прапанаваў "замест таго, каб маліцца за іншых хрысціян, маліцца разам з імі".

Цыкл экуменічных мерапрыемстваў традыцыйна праводзіцца паміж даўнім святам катэдры св. Пятра (18 студзеня) і святам навяртання св. Паўла (25 студзеня).

Тэкст: Ангеліна Марцішэўская 

Фота: Вольга Сяліцкая