Skip to main content

А. Георгій Рой: "Выклікі сучаснасці, якія закранаюць першаасновы хрысціянскай веры, найбольш яскрава паказваюць, дзе мы можам мець адзінства"

goi"За доўгія стагоддзі падзелаў у нас назбіраўся цэлы стос узаемных прэтэнзій. І першае, што ўсім патрэбна зрабіць для здзяйснення малітвы Хрыстовай аб адзінстве Яго вучняў – не ўваскрашаць гэтыя старыя крыўды, не зводзіць нейкіх рахункаў, не акцэнтавацца на тым, што раз’ядноўвае", - падкрэсліў настаяцель праваслаўнага Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне а. Георгій Рой з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

"Важна ўмець па-хрысціянску прызнаваць свае памылкі. Гэтак жа, як і ў сям’і. Часам падаецца, што праблему можна замаўчаць, і яна больш не выявіцца. Але гэта ілюзія: праз праблему не пераскочыш. Яе ў любым выпадку трэба вырашыць", - заўважыў святар у размове з grodnensis.by.

"Неабходна ўмець прагаворваць прадмет увагі, рабіць высновы, знаходзіць сілы, каб прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння. Гэта надзвычай складана, амаль што немагчыма ў звычайным чалавечым жыцці. Але мы хрысціяне, і гэта менавіта тое, да чаго нас заклікае Хрыстос", - дадаў а. Георгій Рой.

papiez

Гістарычная сустрэча кіраўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы - Папы Францішка і Патрыярха Кірыла, 2016 г. 

Па словах настаяцеля сабора, «немагчыма таксама папросту пераступіць праз адрозненні ў веравызнанні і сказаць, што гэта не так важна», і «аб гэтых пытаннях таксама трэба разважаць».

"Неабходна разумець, што менавіта нас раз’ядноўвае. Тут немагчыма фарсіраваць еднасць. У іншым выпадку гэта будзе чарговая ілюзія еднасці, яе падробка. Таму на дадзеным этапе галоўнае – не паглыбляць нашых падзелаў", - адзначыў святар.

"Я сутыкаюся з прыкладамі супрацоўніцтва хрысціян і адзінства паміж імі. Цешуся тым, што, напрыклад, у Беларусі католікі і праваслаўныя супольна адстойваюць хрысціянскія каштоўнасці ў пытаннях біяэтыкі. Менавіта выклікі сучаснасці, якія закранаюць першаасновы хрысціянскай веры, найбольш яскрава паказваюць, дзе можам мець адзінства і супольна бараніць нашу веру, - распавёў а. Георгій Рой. - Адным з найлепшых прыкладаў еднасці могуць быць так званыя “змешаныя” сем’і, дзе муж і жонка, адносячыся да розных хрысціянскіх традыцый, жывуць у згодзе і павазе адно да аднаго і тых Цэркваў, у якіх выгадаваліся. Я сам з такой сям’і. Бабуля была каталічкай, а я стаў праваслаўным святаром. Удзячны Касцёлу за магчымасць паглыбіць сваю багаслоўскую адукацыю".

"На працягу трох гадоў я атрымліваў стыпендыю для навучання на тэалагічным факультэце ў Германіі. Лічу гэта вельмі каштоўным досведам у сваім жыцці. Ведаю мноства прыкладаў добрага ўзаемадзеяння як з гісторыі, так і ў сучаснасці. Было, канешне, і адваротнае. І гэтага таксама нельга забываць, каб не паўтараць памылак у цяперашнім жыцці і ў будучых суадносінах паміж хрысціянскімі традыцыямі", - дадаў святар.

Кінга Красіцкая