7 студзеня ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для навучэнцаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
„Мы перажываем радасны час, калі асаблівым чынам дзякуем Богу за Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі. Гэта асаблівы час для таго, каб вучыцца большай чуласці да іншага чалавека”, - адзначыў на пачатку, вітаючы ўсіх удзельнікаў літургіі, іерарх.
Глядзець у неба, каб мець сілы для жыцця
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, разважаў над значэннем часу ў жыцці кожнага чалавека. Святар адзначыў, што час – вялікі дар Бога, дадзены кожнаму ў падарунак, каб яго належным чынам выкарыстаць.
Святар заахвоціў удзельнікаў літургіі да дзейснага ўдзелу ў змяненні аблічча свету. “Каб змяніць гэты свет, трэба падарыць яму матывы жыцця і надзеі. Таму мы не можам ніколі забываць аб тым, што трэба глядзець у неба, каб мець сілы да жыцця, сілы да працы і сілы да любові”, - дадаў кс. Юрый.
Святар заклікаў вернікаў звярнуць увагу на іншага чалавека, каб сагрэць сваёй любоўю Бога ў чалавеку.
„Мы пакліканы да таго, каб раздаваць Езуса Хрыста іншым людзям праз нашы словы, жэсты, позіркі. Бо толькі там ёсць Божае Нараджэнне, дзе ёсць любоў. І настолькі, наколькі чалавек любіць, наступае Божае Нараджэнне”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч.
Кіравацца ў жыцці любоўю
Пасля Імшы ў будынку гродзенскай курыі адбылося дзяленне аплаткай. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і навучэнцаў катэхетычных курсаў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу выказаў дырэктар курсаў a. доктар Андрэй Шчупал CSsR. Навучэнцам святар пажадаў, каб катэхетычныя курсы пашырылі для іх гарызонты жыцця, каб праз удзел у занятках яны яшчэ больш пазнавалі Бога і імкнуліся дзяліцца Ім з іншымі.
Таксама навучэнцы падрыхтавалі прадстаўленне на тэму Божага Нараджэння. Праз яго яны паказалі, што Бог жадае кожны дзень нараджацца ў сэрцы чалавека, і гэтае нараджэнне будзе магчымым толькі тады, калі чалавек у жыцці заўсёды будзе кіравацца любоўю, калі працягне руку паяднання свайму брату, адорыць іншага чалавека ўсмешкай, схіліцца над праблемамі іншага і будзе яго ў іх падтрымліваць.
Kатэхетычныя курcы пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі існуюць больш за 25 гадоў. На працягу гэтага часу яны выпусцілі вялікую колькасць катэхетаў, якія вядуць заняткі рэлігіі для дзяцей і моладзі ў парафіях ва ўсёй Беларусі.
JM