З 28 снежня па 1 студзеня ў Рызе (Латвія) адбылася 39-я Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ. Пачатак гэтым сустрэчам, якія ўпісваюцца ў “Пілігрымку даверу па зямлі”, быў пакладзены ў 1970-я гг. братам Ражэ.
Сёлета на сустрэчы сабралася каля 15 тысяч маладых людзей з усёй Еўропы і не толькі. Сярод іх былі каля 250 чалавек з Беларусі, у тым ліку каля 100 з Гродзенскай дыяцэзіі.
„Выбіраць жыццё ў прастаце, каб дзяліцца з іншымі”, - пад такім дэвізам праходзілі ў Рызе сустрэчы ў групах.
Будаваць міжчалавечыя масты
Сустрэчы ў духу Тэзэ – гэта не толькі эмоцыі, звязаныя з пранікаючай у вушы музыкай малітоўных канонаў, ці сільвестрава-навагодняе “свята народаў”. Гэта таксама фармацыйная праграма, калі моладзі задаюцца пытанні аб яе ўнутранай надзеі, матывах і паводзінах, якія датычаць сведчання веры і дзеянняў дзеля іншых.
Акрамя таго, пілігрымы мелі магчымасць сустрэцца з мясцовай культурай і гісторыяй, у тым ліку рэлігійнай, прыступіць да сакрамэнту пакаяння, пазнаёміцца са сведчаннямі, якія датычаць жыццёвых драм ці адносін паміж навукай і верай.
Падчас медытацыі і сустрэч у групах вялікі акцэнт рабіўся на канкрэтнасці ўдзелу моладзі. Маладыя людзі Еўропы былі заахвочаны да будаўніцтва міжчалавечых мастоў, для чаго не патрэбны надта вялікія сродкі.
У сёлетнюю сустрэчу ўпершыню ў якасці валанцёраў уключылася група моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў складзе 7 чалавек. Як самі яны адзначаюць, іх дапамога была там вельмі патрэбная. Яны актыўна дапамагалі, у тым ліку пры прыняцці і рэгістрацыі пілігрымаў.
“Мяне цешыць тое, што наша моладзь хоча і здольная служыць іншым”, - адзначае душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы.
Ксёндз Антоні Грэмза ўпершыню быў на такой сустрэчы ў 2005 г. у Мілане (Італія) і з таго часу ўдзельнічае ў іх кожны год.
“Такія сустрэчы вельмі шмат уносяць у жыццё нашай моладзі, гэта добрая нагода да інтэграцыі. Гэта паказвае, што сённяшні свет без межаў. Гэта шлях да з’яднання хрысціянскай моладзі Еўропы”, - дадае святар.
Па словах кс. Грэмзы, варта прымаць удзел у такіх сустрэчах Тэзэ, якія кожны год арганізуюцца ў розных еўрапейскіх краінах. Гэта таксама дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з духоўнасцю Тэзэ.
Захапіцца атмасферай Тэзэ
Ксёндз Антоні Грэмза кажа, што тым, хто хацеў бы бліжэй пазнаёміцца з атмасферай гэтай супольнасці, варта хаця б раз у жыцці паехаць у французскую вёску Тэзэ, дзе браты экуменічнай супольнасці з вялікай адкрытасцю і прыхільнасцю прымаюць усіх. Душпастыр моладзі адзначае, што сёння ўсё больш маладых людзей у Беларусі натхняюцца атмасферай Тэзэ, таму ў вялікіх парафіях арганізуюцца сустрэчы ў духу Тэзэ, у якіх моладзь вельмі ахвотна прымае ўдзел.
Латвію большасць удзельнікаў наведала ўпершыню. Рыга – горад з моцнай лютэранскай традыцыяй, з глыбокімі сувязямі паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі.
Вялікае ўражанне зрабіла на ўдзельнікаў сталіца Латвіі, якая мае цікавую архітэктуру, а зараз была яшчэ і святочна аздоблена мноствам лямпачак і ліхтарыкаў, што дадало ёй прыгажосці.
Моладзь захаплялася таксама музычным аздабленнем падчас малітваў, якое дапамагала ўвайсці ў атмасферу засяроджанасці і настрой размовы з Богам. Акрамя таго, уся арганізацыя сустрэчы была на вельмі высокім узроўні, месца правядзення было добра падрыхтавана.
Удзельнікі шмат могуць сказаць аб гасціннасці, адкрытасці і шчырым жаданні іх прыняцця з боку латышоў, з якімі сустрэліся адразу пасля прыезду ў Рыгу. На працягу гэтых чатырох дзён яны пражывалі ў дамах мясцовых жыхароў, дзе сустрэлі вельмі мілых людзей, якія клапаціліся аб тым, каб ім нічога не бракавала. Яны адарылі гасцей вялікім даверам, без сумненняў аддавалі ім ключы ад дома, стараліся прыняць як мага больш людзей.
Кульмінацыйным момантам Еўрапейскай сустрэчы моладзі была вячэрняя малітва аб міры і навагодняе “свята народаў”. Пасля Рыга развіталася з пілігрымамі, якія па ініцыятыве супольнасці з Тэзэ чатыры дні маліліся і дзяліліся верай са сваімі равеснікамі.
Прыёр экуменічнай супольнасці брат Алаіз абвясціў, што месцам чарговай, 40-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі будзе Базэль (Швейцарыя). Прыёр патлумачыў, што такім чынам пасля Валенсіі і Рыгі гэтая падзея вернецца ў цэнтр Старога кантынента. Варта таксама заўважыць, што гэта ўпішацца ў 500-годдзе Рэфармацыі, важным асяродкам якой была менавіта Швейцарыя.
Кс. Юрый Марціновіч