26 снежня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз сабраліся на сумеснай малітве і аплаткавай сустрэчы ўдзельнікі пілігрымкі «Гродна – Рось».
Гэта ўжо традыцыйная сустрэча, якая ўпісалася ў каляндар Гродзенскай дыяцэзіі і заўсёды збірае шматлікіх пілігрымаў, якія вельмі часта прыбываюць на яе цэлымі сем’ямі. Гэта нагода скласці адзін аднаму віншаванні і вярнуцца думкамі на шлях пілігрымкі, каб узгадаць, як ішлі разам да Езуса Журботнага ў Рось.
Пачалася сустрэча святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі ксёндз Юрый Марціновіч. Святар, як заўсёды, арганізаваў саму сустрэчу, падрыхтаваў цікавую гамілію і разам з усімі ўзгадаў лепшыя моманты пілігрымкі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч нагадаў пра апекуна гэтага дня – св. Стэфана, першага мучаніка, на яго прыкладзе паказаўшы ўсім прысутным, што жыццё чалавека павінна быць нястомным сведчаннем аб Езусе Хрысце.
“Сённяшняе свята дапамагае нам усвядоміць, што хрысціянства патрабуе ад яго вызнаўцаў радыкалізму і прысвячэння. Адказам на гэтую міласэрнасць Бога, якая аб’явілася ў прыйсці Яго Сына ў свет, не можа быць толькі знешняя радасць, сентыментальнасць, трыванне ва ўзнёслым настроі, хоць гэта таксама патрэбна”, - сказаў святар.
Па словах кс. Юрыя Марціновіча, сведчанне св. Стэфана вучыць сучасных людзей, што ў рэлігійным жыцці нельга захоўваць сваю веру толькі для сябе, чэрпаючы з яе духоўную карысць, але трэба перадаваць яе іншым і выражаць яе ва ўчынках.
“Перадаюць веру іншым і выражаюць яе ў канрэтным учынку тыя, якія пілігрымуюць у санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. Гэта менавіта наша відавочнае сведчанне, якое мы даем іншым людзям, паказваючы, што варта быць з Хрыстом, што варта прызнавацца ў Ім”, - падсумаваў кіраўнік пілігрымкі.
Падчас Імшы вернікі дзякавалі Богу за чарговую сустрэчу, маліліся за ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і тых, хто штогод дапамагае ў яе арганізацыі. Таксама яны ўзгадалі ў малітве тых пілігрымаў, якія ўжо адышлі ў вечнасць.
Дадзеная пілігрымка адбылася ў гэтым годзе ўжо ў 15-ы раз. На працягу ўсіх гэтых гадоў у шлях вырушылі тысячы вернікаў.
Аплаткавая сустрэча была надзвычай атмасфернай, уключала спеў калядак, танцы і найлепшыя пажаданні адзін аднаму.
Кожны год на сустрэчу з’язджаюцца пілігрымы не толькі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, але і з іншых беларускіх гарадоў і нават з Польшчы. Свята Божага Нараджэння аб’ядноўвае ўсіх. Удзельнікі пілігрымкі — адна вялікая сям’я, татам для якой з’яўляецца Езус Хрыстус, таму на гэтай сустрэчы заўсёды пануе цёплы хатні настрой.
Удзельнікі сустрэчы жадаюць, каб Пан Бог напаўняў кожнага пілігрыма патрэбнымі ласкамі для таго, каб у наступным годзе пілігрымка была яшчэ больш трывалай, каб кожны, хто сапраўды хоча, змог наведаць санктуарый у Росі і занесці да Езуса ўсе свае падзякі, просьбы і малітвы.
Ганна Глябовіч