Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў санктуарыі Маці Божай Апякункі сем’яў у Лешнёве (Польшча) браты навіцыі з Ордэна святога Паўла – першага пустэльніка (паўліны) прынялі габіт – знешні знак прыналежнасці да манаскага жыцця. Сярод іх быў ураджэнец Гродзенскай дыяцэзіі – Сяргей Калюта з Ваўкавыска.
Урачыстасць ускладання духоўнай вопраткі заўсёды з’яўляецца вялікай падзеяй для маладых адэптаў манаскага жыцця, іх родных, сяброў і ўсёй паўлінскай супольнасці.
Ордэн святога Паўла – першага пустэльніка (лац. Ordo Sancti Pauli Primi Eremitae) абраў сваёй мэтай практыкаванне сузірання Бога ў самотнасці і любові да літургічнай малітвы. Паўліны вядуць працавітае і беднае жыццё, а таксама ўспрымаюць практыку пакаяння як удзел у збаўчым знішчэнні Хрыста.
Манахі гэтага ордэна асаблівым чынам развіваюць культ Маці Божай, які выражаецца ў асноўным у наследаванні Панны Марыі ў справе ўласнага асвячэння і ў апостальскай дзейнасці. Аснову духоўнасці паўлінаў утвараюць два галоўныя прынцыпы жыцця гэтай супольнасці: кантэмпляцыйнае жыццё і апостальская дзейнасць.
Кс. Юрый Марціновіч