Аплаткавая сустрэча для маламаёмасных і людзей без пэўнага месца жыхарства прайшла 20 снежня ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне. Традыцыйнае спатканне арганізавалі манахіні з супольнасці Сясцёр Святой Сям'і з Назарэта разам з дабрачынным таварыствам "Карытас". Павіншаваць бяздомных з надыходзячым святам Божага Нараджэння прыйшлі дапаможны біскуп нашай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дырэктар гродзенскага "Карытас" кс. д-р. Раман Рачко. На супольнай сустрэчы сабралося каля 80 чалавек. Перад абедам сабраныя паслухалі ўрывак з Евангелля. Біскуп Юзаф, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што для чалавека важна ўмацоўвацца не толькі фізічна, але спажываць і духоўную ежу. Іерарх заклікаў запрасіць у свае сэрцы Хрыста, які ўздымае людзей на ногі, і ў якім кожны знаходзіць суцяшэнне.
Асобы, якія ўдзельнічалі ў спатканні, у большасці вядуць самотнае жыццё. Біскуп Юзаф заахвоціў іх быць як адна вялікая сям'я і падтрымліваць адзін аднаго ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Прысутныя на сустрэчы кансэкраваныя асобы, святары і клерыкі раздзялілі з бяздомнымі трапезу і, ламаючыся аплаткамі, склалі наўзаем шчырыя пажаданні.
Удзельнікі спаткання атрымалі таксама святочныя падарункі: слодычы, сродкі асабістай гігіены ад таварыства "Карытас" і слоікі з мёдам, якія ахвяраваў адзін з вернікаў. Тыя, хто не трапіў на сустрэчу, будуць прыходзіць да сясцёр яшчэ на працягу некалькіх дзён, і кожнаму з іх гарантаваны сардэчны прыём, пасілак і рэчы першай неабходнасці.
У доме назарэтанак на працягу зімняга, вясенняга і асенняга перыяду дзейнічае таксама бясплатная сталовая для бяздомных, дзе патрабуючыя штодзень могуць з'есць абед. "Яны прыходзяць, каб падсілкавацца і аблегчыць душу, распавядаючы пра свае праблемы. Ад гэтых людзей часта адварочваецца грамадства, але мы нагадваем ім, што яны заўсёды могуць знайсці месца ў сэрцы Бога і Касцёла", - падкрэсліла адна з манахінь.
АМ