Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў Гродзенскую абласную клінічную бальніцу

balnica68 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Гродзенскую абласную клінічную бальніцу. Іерарх сустрэўся з медперсаналам, пацыентамі і ўзначаліў святую Імшу ў шпітальнай капліцы.

Падчас літургіі біскуп асаблівым чынам маліўся за ўсіх хворых і церпячых, у прыватнасці за пацыентаў абласной бальніцы.

Гамілію падчас Імшы прамовіў кс. Генрык Яблонскі, распавёўшы ў ёй аб тым, што азначае Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар адзначыў, што Марыя, якая была народжана з зямных бацькоў, яшчэ да свайго нараджэння была ачышчана Духам Святым.

“Яшчэ да нараджэння Езуса Марыя не мела ніводнага граху, была незалежная ад уплыву зла”, - дадаў кс. Генрык Яблонскі.

Святар адзначыў, што Марыя праз усё сваё зямное жыццё была вернай Пану Богу, заўсёды згаджалася з Яго святой воляй, а таксама заўсёды стараецца быць блізка да чалавека, каб бараніць яго ў цяжкія хвіліны жыцця. “Марыя не можа быць абыякавай да нашага жыцця, да нашых хваробаў”, – сказаў кс. Яблонскі і заахвоціў у гэтую ўрачыстасць даверыць сваё жыццё Богу, каб праз усе хваробы і цярпенні ачышчаць сваю душу ад усялякага граху.

balnica7

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім урачам і санітарам за іх штодзённы клопат аб хворым чалавеку, які мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Усім пацыентам шпіталя іерарх пажадаў Божага благаслаўлення і заклікаў шукаць падтрымкі ў Бога, які заўсёды дае чалавеку любоў і ласку.

Таксама біскуп склаў віншаванні з нагоды імянін сястры назарэтанцы Стэле, якая з вялікай адданасцю служыць усім хворым горада, штодзённа наведваючы розныя шпіталі Гродна.

Кс. Юрый Марціновіч