Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у лідскай Фары малітву за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе

ushod34 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаўся Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.

У гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе.

Падчас святой Імшы біскуп Юзаф Станеўскі разам з пробашчам парафіі кс. канонікам Уладзімірам Гуляем і шматлікімі прысутнымі вернікамі дзякавалі Богу за адкрытыя сэрцы дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла ў Беларусі.

ushod1

Удзельнікі Імшы агарнулі малітвамі ўсе дабрачынныя арганізацыі, што дапамагаюць Касцёлу на Усходзе, асабліва вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Польшчы. Дзякуючы іх вялікай малітоўнай падтрымцы таксама адноўлена і пабудавана шмат парафіяльных святынь, стала магчымай рэалізацыя разнастайных праектаў і душпастырскіх ініцыятыў.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ІІ Нядзеля Адвэнту ў нашых суседзяў у Польшчы з’яўляецца днём малітвы за Касцёл на Усходзе, які адраджаецца, і магчымасцю скласці матэрыяльныя ахвяраванні на развіццё Касцёла ў патрэбе. „Таму наша ўдзячнасць праз малітву ўзносіцца да Божага Трона за тых, хто нам дапамагае”, – дадаў біскуп.

ushod3

Іерарх заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці тым людзям, ад якіх атрымалі дабро. Біскуп адзначыў, што трэба ўмець дзякаваць за кожнyю праяву чалавечай ахвярнасці і прыхільнасці і што хрысціяніна павінна характарызаваць такая рыса, як удзячнасць.

Разважаючы над літургічным чытаннем ІІ Нядзелі Адвэнту, біскуп падкрэсліў, што ў гэты час усім вернікам асабліва павінны спадарожнічаць так званыя адвэнтавыя прарокі, сярод якіх прарок Ісая і св. Ян Хрысціцель.

Па словах біскупа, менавіта яны заахвочваюць усіх да жыцця ў міры і скіроўваюць нашу ўвагу да Хрыста. “Толькі Хрыстос – наша надзея, гэта Ён стварае мір, аб якім мы ўсе павінны маліцца”, – сказаў іерарх.

ushod4

ushod2

Біскуп заклікаў, каб час Адвэнту быў своеасаблівым чуваннем, трываннем пры Хрысце і імкненнем да з’яднання з Ім.

Кс. Юрый Марціновіч