27 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) з нагоды літургічнага ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай адбыўся з’езд Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Святая Кацярына Александрыйская, мучаніца, з’яўляецца асаблівай апякункай працаўнікоў чыгункі, таму праз яе заступніцтва моляцца за ўсіх, хто працуе на чыгунцы. Яе літургічны ўспамін – дзень асаблівай еднасці ўсіх чыгуначнікаў і нагода да супольнай падзякі Богу за дары, якія кожны атрымлівае штодзённа.
На ўрачыстай святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR, сабраліся чыгуначнікі з Гродна, Парэчча, Ваўкавыска і Свіслачы. Святар асаблівым чынам маліўся за ўсіх чыгуначнікаў і іх сем’і. Таксама ён падзякаваў ім за штодзённую службу, якую яны спаўняюць для грамадства.
Пасля Імшы адбылася сустрэча ў зале ля каміна, дзе а. Эдвард Пяцельчыц CSsR, душпастыр чыгуначнікаў, распавёў сабраным пра асобу св. Кацярыны, адзначыўшы, што яна падтрымлівае ў вызнаванні веры і абараняе ад граху.
Сустрэча членаў Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася ля супольна падрыхтаванага стала, дзе быў час на вольную дыскусію і агульнае вызначэнне планаў на будучыню.
Кс. Юрый Марціновіч