Выява св. Антонія Падуанскага ХVІІІ стагоддзя апынулася ў падзямеллі касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі пасля Другой Сусветнай вайны. Раней яна ўпрыгожвала сцены кляштара сясцёр брыгітак.
Як адзначыў кс. Антоній Грэмза, рэктар пабрыгіцкага касцёла, абраз мае некалькі ўнікальных рысаў. “Нетыпова, што св. Антоній паказаны не проста ў хабіце францішканіна, але і са стулай, якая з’яўляецца сімвалам святарскай улады і інструментам, з дапамогай якога ксёндз выконвае сваю місію. Адметным з’яўляецца і тое, што на абразе паказаны сцэны з жыцця манаха. У левым ніжнім куце бачым, як святы плыве ў лодцы і прамаўляе казанне для рыб. Цікава і тое, што калі палатно дасталі з-пад рамы, аказалася, што значная яго частка была згорнута пад аправай, што не дазваляла ўбачыць усю карціну. Пасля рэстаўрацыі невялічкая выява ператварылася ў вялікі абраз”, – распавядае святар.
На стан карціны моцна паўплываў час і дрэнныя ўмовы захоўвання. Пасля закрыцця пабрыгіцкага касцёла савецкімі ўладамі абраз быў пакінуты на складзе святыні. Аднаўленнем партрэта займаўся вядомы гродзенскі рэстаўратар Уладзімір Кіслы. Праца над абразом працягвалася два месяцы.
У музеі касцёла Звеставання НПМ захоўваецца шмат абразоў, якія знаходзяцца ў паўразбураным стане. Кс. Антоній прызнаецца, што марыць аб тым, каб паступова аднавіць і ўсталяваць у святыні кожны з прадметаў сакральнага мастацтва. Дагэтуль ужо былі адрэстаўраваны абразы з выявамі Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа.
Даведка:
Св. Антоній Падуанскі прапаведаваў у эпоху поздняга сярэднявечча. Адзначаўся прамоўніцкімі здольнасцямі, дзякуючы чаму цешыўся прызнаннем. Аднойчы паслухаць яго сабралася каля 30-ці тысяч чалавек! Памёр у 1231 годзе. Менш чым праз год быў кананізаваны. Рэліквіі святога знаходзяцца ў прысвечанай яму базіліцы ў Падуі, дзе адбываецца шмат цудаў. Святы Бонавентура нават аднойчы сказаў: “Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія”.
Антоній Падуанскі – адзін з найбольш шанаваных святых у каталіцкім Касцёле. З’яўляецца апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных. Ахоўвае ад неўраджаю і дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.
Ангеліна Марцішэўская