20 лістапада ў касцёле Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася ўрачыстая цырымонія дабравольнага пасвячэння ў “Рух чыстых сэрцаў” (РЧС). Абяцанне перад алтаром Езуса праводзіць цнатлівае жыццё склала 6 маладых людзей. Перад парафіяльнай супольнасцю моладзь сцвердзіла, што сапраўдная, верная, чыстая любоў, якую Езус для кожнага падрыхтаваў – чакае. Таму сваіх будучых мужоў, жонак і дзяцей яны даверылі Богу.
Таксама моладзь выразіла жаданне “прапаведваць у сваім асяроддзі чысціню ўзаемаадносін паміж мужчынай і жанчынай, нягледзячы на ўсталяваныя ў грамадстве стэрэатыпы.” Падчас абраду прыняцця ў РЧС бацькі і родныя кандыдатаў пасля складзенага абяцання адзелі на іх пальцы пярсцёнкі з надпісам “Сапраўдная любоў чакае”. Паводле традыцыі, зняцце пярсцёнка з безыменнага пальца правай рукі адбудзецца ў момант заключэння сакрамантальнага сужэнства.
Рух чыстых сэрцаў яднае вялікую колькасць маладых людзей па ўсім свеце. Такім чынам, дзякуючы Богу, на мапе Гродзенскай дыяцэзіі з’явілася яшчэ адна кропка, дзе моладзь адкрыта выражае жаданне прытрымлівацца вучэння Хрыста ў справе дашлюбных адносін.
Падрыхтавала Генута Грыцютэ