21 лістапада ў Гродзенскай курыі адбылося пасяджэнне Калегіі кансультараў і Святарскай рады, падчас якога былі разгледжаны надзённыя пытанні касцёльнага жыцця. Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага.
Біскупы разам са святарамі абмеркавалі вынікі Юбілейнага Года Міласэрнасці і звярнулі ўвагу на неабходнасць ажыццяўлення далейшых ініцыятыў. Святары разважалі прызначэнне некалькі касцёлаў у дыяцэзіі для вячыстай Адарацыі, дзе вернікі будуць змяняць адзін аднаго, тым самым не спыняючы малітву. Разважалася таксама магчымасць стварэння ў кожным дзеканаце дыяцэзіі аддзялення дабрачыннага таварыства "Карытас", каб больш эфектыўна дапамагаць састарэлым, беднам і хворым людзям. Разглядалася справа стварэння і зацвярджэння прыватных рэлігійных таварыстваў святароў і свецкіх вернікаў.
У рамках спаткання сабраныя выслухалі прамову аб дзейнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ад рэктара ўстановы кс. д-ра Рамана Рачко.
З нагоды набліжэння сотай гадавіны аб'яўленняў у Фаціме ўдзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне правесці перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай, якая будзе праходзіць з 13 мая па 13 кастрычніка ў межах дыяцэзіі.
Галоўным плёнам пасяджэння стала запланаванне правядзення першага ў гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне дыяцэзіяльнага сіноду. Ён прадугледжвае супольныя сходы біскупаў, святароў, манаскіх асобаў і свецкіх вернкіаў, якія павінны спрычыніцца да больш плённай дзейнасці і развіцця дыяцэзіяльнага Касцёла. Сінод можа праходзіць на працягу некалькіх гадоў. Падрыхтаванне неабходнай інфармацыі і пакліканне падрыхтоўчай камісіі па справах дыяцэзіяльнага сіноду было даручана генеральнаму вікарыю, біскупу Юзафу Станеўскаму.
Пратакол пасяджэння будзе разасланы ва ўсе дзеканаты дыяцэзіі.
(АМ)