Skip to main content

Сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі: Божая міласэрнасць – найважнейшы змест Добрай Навіны

grodna2-01321 лістапада святары, якія нясуць паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся на пастырскай сустрэчы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Па традыцыі яны ўдзельнічалі ў адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання і выслухалі канферэнцыі.

На заканчэнне сустрэчы адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы ўдзельнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што гэтая святарская сустрэча мае асаблівае значэнне, бо перажываецца ў кантэксце толькі завершанага Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, а таксама ўрачыстасці Маці Міласэрнасці, Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, якая святкавалася на мінулым тыдні.

grodna2-008

„Перакананы, што кожны з нас, святароў, адчуў, якім важным, патрэбным і плённым быў гэты год – сапраўдны час ласкі для нас саміх і для нашых вернікаў”, - дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што ў Божай задуме ўся гісторыя чалавецтва, ад пачатку стварэння ажно да канчатковага спаўнення напрыканцы часоў, становіцца гісторыяй збаўлення, часам міласэрнасці і ласкі.

„Езус Хрыстус, Сын Божы, не толькі вучыць нас аб бясконцай міласэрнасці Айца, але і з’яўляецца ўвасабленнем Божай міласэрнасці”, – сказаў іерарх.

Біскуп заклікаў святароў Гродзенскай дыяцэзіі абвяшчаць праўду аб Божай міласэрнасці не толькі словамі, але найперш учынкамі. „Не будзем забываць, што праўда аб Божай міласэрнасці – найважнейшы змест Добрай Навіны, якую мы павінны абвяшчаць як святары”, - нагадаў ардынарый.

grodna2-013

„Няхай у нашых словах, у адносінах з вернікамі, з кожным чалавекам будзе як мага больш дабрыні, разумення, павагі, лагоднасці і пакоры”, - пажадаў біскуп.

Сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася аб'явамі адносна бліжэйшых мерапрыемстваў у дыяцэзіі i супольным абедам.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандра Шчыглінская