Skip to main content

Ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу ў Жамыслаўлі

zhamyslaul1020 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў капліцу ў в. Жамыслаўль, дзе ў гэты дзень адзначаўся парафіяльны адпуст. Іерарх узначаліў там урачыстую святую Імшу.

Капліца Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай была пабудавана ў 2000 годзе і адносіцца да парафіі ў Суботніках. Іерарх прыбыў на сустрэчу з вернікамі таксама з нагоды візітацыі Іўеўскага дэканату, каб пазнаёміцца з духоўным жыццём мясцовых парафіян.

Біскупа прывіталі прадстаўнікі вернікаў, якія выказалі радасць ад гэтай сустрэчы і запэўнілі ў малітве ў інтэнцыі свайго пастыра.

zhamyslaul4

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што ўрачыстасць Хрыста Валадара павінна нагадаць усім, што ў нас ёсць свой Валадар, які валодае і кіруе светам. Святар дадаў, што гэты Валадар прыходзіць у свет, каб служыць людзям, таму таксама кожны чалавек павінен аддзячыць Яму тым жа.

„Служыць Хрысту – гэта значыць спаўняць Яго святую волю, а Яго воляй з’яўляецца не што іншае, як толькі наследаваць Яго кожны дзень”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч. Святар заахвоціў удзельнікаў літургіі мець адвагу, каб у кожны час і ў кожным месцы сведчыць, што іх Валадар – Хрыстус, якому яны хочуць служыць праз справы міласэрнасці ў дачыненні да бліжніх.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за вернасць Хрысту, Касцёлу і Евангеллю. “Завяршыўся Юбілейны Год Міласэрнасці, аднак сэрца нашага Пана Езуса Хрыста застаецца адкрытым”, – адзначыў іерарх і заахвоціў усіх працягваць гэты час праз аказванне міласэрнасці ў дачыненні да ўсіх, хто ў патрэбе.

Пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч выказаў надзею, што невялікая парафільная супольнасць, якая ў гэты дзень была ўмацавана пастырскім благаслаўленнем, з яшчэ большым запалам будзе развіваць у сабе Божае жыццё.

JM

Фота: Людмілы Пясецкай