Skip to main content

Сустрэча сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі адбылася ў Лідзе

lida semii20Сямейную атмасферу і сапраўдную радасць можна было адчуць 12 лістапада ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, дзе прайшла сустрэча сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі.

На сустрэчу прыбыло шмат сужэнстваў разам з дзецьмі з розных парафій дыяцэзіі, каб супольна дзякаваць Богу Стварыцелю за дзівосны, цудоўны дар, якім з’яўляецца сям’я. У сустрэчы ўдзельнічалі сем’і, якія ў гэтым годзе перажываюць юбілей шлюбу, а таксама тыя, якія толькі заключылі сакрамэнтальны сужэнскі саюз.

Сям’я – школа міласэрнасці

Сёлетняя сустрэча адбылася пад дэвізам “Сям’я – школа міласэрных паводзін”. Падчас сустрэчы шматразова падкрэслівалася, што сям’я з’яўляецца першай школай міласэрнасці, у якой чалавек вучыцца практыкаваць учынкі міласэрнасці адносна цела і душы на ўзор нашага Настаўніка Езуса Хрыста.

Падкрэслівалася таксама, што паводзіны бацькі і маці з’яўляюцца ўзорам паводзін для падрастаючых дзяцей, а сям’я як хатні Касцёл – найлепшая школа ў рэалізацыі ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і цела.

Парафія ў Лідзе ўжо ў другі раз прымала ўдзельнікаў гэтай сустрэчы. Парафіяй апякуецца Святая Сям’я – вялікі і годны ўзор для наследвання для маладой парафіяльнай супольнасці. У парафіі актыўна праводзіцца душпастырства сем’яў, якое ўключае сотні сужэнцаў, што знаходзяць час на фармацыйныя сустрэчы і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Ганьчыц, вітаючы ўсіх удзельнікаў сустрэчы, адзначыў, што існуе вялікая патрэба ўзносіць малітвы да Бога ў інтэнцыі ўсіх сем’яў менавіта ў супольнасці.

Удзельнікі сустрэчы выслухалі даклад, з якім выступіў душпастыр сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. Святар адзначыў, што задача бацькоў – выхоўваць у дзіцяці “вобраз міласэрнасці”, а таксама што Пан Бог жадае, каб усе людзі наследавалі Яго ў аказанні міласэрнасці адносна нашых бліжніх.

Малітва – фундамент сям’і

Узрушаючым момантам сустрэчы быў час сведчанняў, калі самі сужэнцы дзяліліся перажываннем радасных і сумных хвілін у сваіх сем’ях. Сужэнцы падкрэслівалі патрэбу практыкавання ў сем’ях супольнай малітвы, якая павінна быць фундаментам кожнай сям’і, а таксама правядзення канструктыўнага дыялогу, каб пазбягаць розных крыўдаў і спрэчак. Адзначалі яны і патрэбу частага звароту да Святога Пісання, якое заўсёды паказвае чалавеку кірунак шляху да Пана Бога, магчымасць яшчэ лепш спазнаць Яго і пераканацца ў Яго блізкасці.

lida semii6

У сустрэчы ўдзельнічалі і дзеці, якімі апекавалася моладзь, стварыўшы ім адпаведныя ўмовы для забавы і малітвы. Сустрэча ўключала таксама супольны пасілак.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сярод мноства прыгожых і вартых жыццёвых шляхоў, якімі чалавек крочыць да Бога, ёсць шлях сямейнага жыцця. Па словах біскупа, сужэнцы, абяцаючы перад Богам любоў, вернасць і павагу, становяцца адно для аднаго дарам на ўсё жыццё.

Бацькі – аўтарытэт для дзяцей

“У сапраўднай сям’і няма месца эгаізму, бо чалавек жыве не толькі для сябе, але і для свайго сужэнца”, – дадаў біскуп.

Гродзенскі ардынарый адзначыў, што ў сям’і дзіця вучыцца веры і традыцыі, любові да Бога і бліжняга, засвойвае здаровыя маральныя прынцыпы і выпрацоўвае цноты, якія будуць яго духоўным багаццем праз усё жыццё.

„Сям’я ўдзельнічае ў Божым плане, не толькі адорваючы адно аднаго любоўю і перадаючы новае жыццё, але і становячыся для дзяцей праз працу штодзённага выхавання першай і найлепшай школай”, – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што найлепшай гарантыяй паспяховасці выхавання ў сям’і, якога нішто не можа замяніць, з’яўляецца заўсёды аўтарытэт бацькоў, іх асабісты прыклад і сведчанне, якое яны даюць кожны дзень.

“Ад сілы веры і любові ў нашых сем’ях, ад іх духоўнага здароўя, ад каштоўнасцяў, якімі сям’я жыве і якія перадае сваім дзецям і ўнукам, залежыць будучыня нашага маладога пакалення, Касцёла і ўсяго грамадства. Таму сёння гімн падзякі, які плыве з нашых сэрцаў, злучаем з поўнай даверу малітвай за ўласныя сем’і, а таксама за сем’і нашых самых блізкіх, за сем’і ў парафіяльных супольнасцях, да якіх належым, і сем’і ўсёй дыяцэзіі. Няхай яны будуць моцныя Богам, трывалыя ў малітве, няхай углядаюцца ў прыклад Святой Сям’і з Назарэта”, – сказаў іерарх.

lida semii16

Біскуп заклікаў даверыць у гэты дзень Богу асаблівым чынам “тыя сем’і, якія перажываюць цяжкасці, знаходзяцца на жыццёвым раздарожжы, якім пагражае распад, якія руйнуе ўсялякага роду маральнае і духоўнае расстройства”. “Няхай добры Бог прыйдзе да іх з дапамогай, увалье ў сэрцы надзею і давер, зноў запаліць прыгашанае полымя веры і дапаможа знайсці выхад з цяжкіх сітуацый, у якіх яны апынуліся”, – пажадаў гродзенскі ардынарый.

Падчас Імшы пары аднавілі свае сужэнскія абяцанні, прыгадаўшы дзень заключэння сакрамэнтальнага шлюбу. Аднаўляючы абяцанні, яны мелі магчымасць усвядоміць тое, што любоў нельга пакінуць самой сабе: любоў нездарма параўноўваецца да прыгожай кветкі, аб якой трэба клапаціцца, вырошваючы яе – не толькі ў дзень шлюбу, але і на працягу ўсяго жыцця.

Гэты супольны дар, якім могуць адарыць адно аднаго сужэнцы, нясе ні з чым не параўнальнае багацце, умацоўвае саюз, будуе сталасць і супольную адказнасць за сям’ю. Мужу і жонцы важна кожны дзень жыць Евангеллем, чэрпаць з гэтай вечна жывой крыніцы, каб яны маглі быць падтрымкай і сілай для дзяцей, а таксама для іншых членаў сям’і.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім сужэнствам і сем’ям, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, трываюць з Хрыстом і з верай пераадольваюць праблемы, што ўзнікаюць перад імі. Іерарх заахвоціў таксама, каб яны, як Святая Сям’я з Назарэта, будавалі сваё жыццё на аснове дару з сябе і штодзённага аказання міласэрнасці.

lida semii23

Кс. Юрый Марціновіч