1 лістапада, з нагоды ўрачыстасці Усіх святых, у гродзенскім катэдральным касцёле адбылася св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Падчас набажэнства сабраныя вернікі ўспаміналі не толькі тых, хто быў афіцыйна абвешчаны святым або благаслаўлёным, але і невядомых нам спачылых вернікаў, якія прабываюць з Богам у небе.
У гаміліі біскуп Аляксандр наблізіў сабраным сутнасць урачыстасці Усіх святых:
- Мы павінны памятаць, што святыя і благаслаўлёныя, якіх мы ўшаноўваем падчас літургіі, імёны якіх мы называем падчас літаній і выявы якіх мы бачым на абразах, з'яўляюцца толькі маленькай часткай велізарнай колькасці святых, якія прабываюць з Богам у нябесным валадарстве. Бо называцца святымі заслугоўваюць усе тыя, хто дасягнуў збаўлення, і сёння мы аддаем пашану кожнаму з іх.
Ардынарый таксама адзначыў, што кожны чалавек пакліканы да збаўлення, і заахвоціў прысутных нястомна імкнуцца да святасці. "Сённяшняя ўрачыстасць Усіх святых - гэта святкаванне таямніцы Божай любові. Бо вечнае жыццё, якім цешуцца святыя ў небе, з'яўляецца дарам Божай міласэрнасці", - падкрэсліў іерарх.
Пасля заканчэння св. Імшы адбыліся нешпары за памерлых і жалобная працэсія па касцёле.
Даведка:
Карані дня Усіх святых сягаюць у IV ст. Тады ў Антыёхіі ўшаноўвалі памяць шматлікіх мучанікаў, імёны якіх не былі вядомы. Іх успамін адзначаўся ў нядзелю пасля Спаслання Духа Святога. У 610 г., калі папа Баніфацый IV атрымаў ад цэзара старажытную святыню Пантэон, наказаў перанесці туды шматлікія рэліквіі і асвяціў будынак, які стаў касцёлам Маці Божай Мучанікаў. З датай гэтага здарэння было звязана рымскае свята Усіх Святых. Тады ўшаноўваліся толькі Марыя і мучанікі. У наступныя стагоддзі быў далучаны культ "усіх дасканалых справядлівых". Толькі з часам святкаванне было перанесена з мая на 1 лістапада.
А. Марцішэўская