На мінулых выхадных міністранты з гродзенскай парафіі Святога Духа перажывалі рэкалекцыі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях. Для хлопцаў гэта была добрая нагода, каб адарвацца ад штодзённых абавязкаў, прывычных рэчаў і аднавіць сваю веру ў святым месцы.
На распачацце духоўных практыкаванняў юнакі прынялі ўдзел у св. Імшы, памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Затым яны размясціліся ў доме пілігрыма, дзе на кожнага быў ускладзены абавязак: хтосьці адказваў за прыгатаванне пасілку, хтосьці за парадак у доме.
Напрыканцы першага дня хлопцы правялі спартыўныя гульні і паглядзелі тэматычны фільм.
Другі дзень распачаўся ранішняй малітвай і разважаннем над Божым Словам. Час да абеду поўніўся гульнямі і разнастайнымі заняткамі.
На заканчэнне рэкалекцый хлопцы прынялі ўдзел у набажэнстве, паслухалі канферэнцыю на тэму "Выбар у хрысціянскім жыцці" і здзейснілі невялічкую экскурсію па старажытных касцёлах дыяцэзіі.
(АМ)