Skip to main content

Пяць навучэнцaў семінарыі ў Гродне атрымалі духоўную вопратку

vopratka198 кастрычніка ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша, падчас якой пяць навучэнцaў трэцяга курса атрымалі духоўны строй – сутану. Гэтай Імшой распачаўся новы 2016/2017 навучальны год у гродзенскай семінарыі.

Сёлета ўжо ў 27-ы раз семінарыя ў Гродне прымае ў шэрагі сваіх навучэнцаў маладых людзей, якія жадаюць пасля праходжання духоўнай, чалавечай і інтэлектуальнай фармацыі прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля Хрыста.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй таксама прынялі ўдзел дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі семінарыі на чале з яе рэктарам кс. др. Раманам Рачко і семінарысты. Першакурснікаў, якія распачынаюць фармацыю - у гэтым годзе іх чацвёра - і пяць трэцякурснікаў, якія ў гэты дзень атрымлівалі духоўную вопратку, падтрымалі сваёй прысутнасцю іх бацькі, родныя, сябры і знаёмыя.

У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі заахвочваў клерыкаў, якія распачынаюць чарговы год семінарыйнай фармацыі, будаваць сваё жыццё ў абсалютным даверы да Бога. „Будуйце на Хрысце і з Хрыстом. Будуйце з Тым, хто заўсёды застаецца верным, нават калі мы не захоўваем яму вернасць”, - казаў іерарх.

Біскуп асцерагаў алюмнаў, што "будуючы дом жыцця" можна спаткаць шмат непрыязных людзей, якія будуць пагарджаць фундаментам веры, і заклікаў не хвалявацца з-за гэтага. „Памятайце, што трываласць дому залежыць ад фундамента, а трываласць у пакліканні - ад штодзённай размовы з Богам. Не бойцеся падчас малітвы размаўляць пра пакліканне з Тым, хто Вас паклікаў, і дзяліцца цяжкасцямі рэалізацыі свайго рашэння з духоўным кіраўніком” , - заахвочваў біскуп Станеўскі.

Звяртаючыся да клерыкаў, іерарх заахвочваў іх "ціха і пакорна служыць семінарынай сям'і, выконваючы давераныя ім абавязкі, а таксама адкрыць у сабе новыя здольнасці i адважыцца на шматлікія намаганні".

Падчас св. Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў сутаны пяці клерыкаў. Абрад асвячэння сутан і апрананне іх семінарыстамі – гэта чарговы крок на шляху семінарыйнай фармацыі. Гэты крок бачным спосабам набліжае семінарыста да Хрыстовага святарства.

vopratka12

vopratka5

На заканчэнне Эўхарыстыі трэцякурснікі выказалі падзяку Богу за ласку апрануць духоўны строй, а ўсім тым, хто паспрыяў іх фармацыі і падрыхтоўцы да гэтай урачыстай падзеі, паабяцалі сваю ўдзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.

„Зашпільваючы апошні гузік сутаны, мы паабяцалі з яшчэ большай адданасцю ўзаемадзейнічаць з ласкай паклікання і кожны дзень змяняць нашыя сэрцы, каб ісці дарогай святасці", - адзначыў ад імя навучэнцаў трэцяга курса клерык Яўген Амасёнак.

vopratka14

Сутана – штодзённая вопратка святара, якая дапамагае адрозніваць яго сярод іншых людзей. Яна выяўляе таксама імкненне следаваць за Хрыстом, які прагне мець святых, адданых Касцёлу, працавітых і сумленных святароў. Застаецца пажадаць, каб такіх святароў і мела нашая зямля.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч

Фота: кл. Томаш Мікалайчык