У мінулы панядзелак касцёл св. Космы і Даміяна сабраў на парафіяльную ўрачыстасць у гонар сваіх апекуноў вялікую колькасць людзей. Па запрашэнні пробашча парафіі, ксяндза каноніка Юзафа Багдзевіча, на парафіяльнае свята прыехалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары са Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Раздзяліць радасць з вернікамі ў гэты дзень завіталі і пробашчы Астравецкага дэканату.
У касцёле, упрыгожаным букетамі з жывых кветак, сабраліся парафіяне і госці – людзі сталага ўзросту і дзеці, міністранты і дзяўчаты ў белых сукенках, немаўляты на руках у маці.
На пачатку Імшы пробашч і вернікі падзякавалі біскупу Алегу Буткевічу і ўсім, хто прыбыў на ўрачыстасць св. Космы і Даміяна.
У гаміліі біскуп Алег Буткевіч звярнуў ўвагу на постаці святых мучанікаў Космы і Даміяна, якія бескарысна лячылі людзей; не адракліся ад сваёй веры нават пад катаваннямі і загінулі ў яе гонар.
- Чалавек веруючы павінен быць свабодным, – падкрэсліў іерарх. – А што такое свабода? Гэта магчымасць рабіць дабро. Адрозніць добрыя справы ад дрэнных магчыма толькі з дапамогай дзесяці Божых запаведзяў.
Урачыстая Імша па традыцыі скончылася працэсіяй вакол касцёла: дарога была выслана жывымі пялёсткамі руж, а ў паветры плылі харугвы з выявамі святых. На памяць аб урачыстасці ў многіх вернікаў засталіся набытыя ў гэты дзень абразы, ружанчыкі, малітоўнікі, якія асвяціў біскуп Алег Буткевіч.
Даведка
Браты-блізняты Косма і Даміян жылі ў ІІІ стагоддзі і былі хрысціянамі. Яны бясплатна лячылі людзей і дапамагалі патрабуючым. Пры імператары Дыялектыяне пачалося жорсткае ганенне хрысціян. Братоў доўга катавалі і патрабавалі адракчыся ад сваёй веры, але яны гэтага не зрабілі. Косма і Даміян загінулі мучаніцкай смерцю.
Гэтыя святыя ўшаноўваюцца ва ўсім свеце як ва ўсходняй, так і ў заходняй традыцыях.
Святыя Косма і Даміян лічацца апекунамі лекараў, урачоў, студэнтаў-медыкаў і фармацэўтаў. Іх дапамогі просяць пры розных хваробах.
Паводле www.ostrovets.by