Skip to main content

У парафіі Гродна-Паўднёвы, дзе служыць кс. прэлат Юзаф Трубовіч, адзначылі 60-гадовы юбілей паслугі святара

prelat7Увечары 1 кастрычніка ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця НПМ адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч дзякаваў Богу за 60 гадоў святарскага служэння і 90-ю гадавіну прыняцця сакраманту хросту.

Ксёндз прэлат Трубовіч пажадаў, каб юбілейныя ўрачыстасці адбыліся ў той парафіі, дзе ён служыць і жыве, пачынаючы з 1999 года. Як адзначыў сам святар, усе парафіяне з'яўляюцца членамі яго сям'і, а ён прымае ўдзел у іх шляху да святасці.

prelat7

Урачыстасць праходзіла ў сямейнай атмасферы. На набажэнстве сабраліся шматлікія вернікі, дзеці і моладзь парафіі. Прыбыў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На малітве сабраліся таксама тыя, каму ксёндз прэлат удзяляў сакрамант хросту, рыхтаваў да першай споведзі і святой Камуніі, сакраманту сужанства, спавядаў і абвяшчаў Божае Слова. Усе прыбылі, каб разам маліцца і выпрошваць Божае благаслаўленне для ксяндза прэлата, каб скласці свае пажаданні і ўцалаваць спрацаваную руку святара.

prelat4

Дзеці ва ўрачыстай працэсіі ў вяночку сплеценым з зеляніны правялі юбіляра да алтара. Такім чынам хацелі падкрэсліць, што ксёндз прэлат Трубовіч заўсёды патрэбны Богу і Касцёлу, а яго святарства працягвае прыносіць багаты плён. 

Падчас літургіі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што быць сведкамі такога незвычайнага юбілею - гэта вялікая ласка і прывілей. „Сёння мы дзякуем табе, ксёндз прэлат, за тое, што ты даеш маладым святарам прыклад вернай і адданай службы Хрысту, што вучыш нас адважна крочыць па жыцці", - дадаў іерарх.

У гаміліі ксёндз Аляксандр Сямінскі ўказаў на ролю святара, які з'яўляецца сейбітам Божай міласэрнасці.

„Святары з'яўляюцца каналамі Божай міласэрнасці, літасці і ласк. Колькі душ абавязана святарам перамогай граху, сваім збаўленнем, жыццём вечным. Бог праз святара нястомна аднаўляе чалавека і гэты свет, накіроўвае людзей да канчатковай мэты. Служыць чалавеку і дапамагаць яму пазнаваць Бога - у гэтым заключаецца пакліканне святара”, – дадаў кс. Сямінскі.

Ксёндз Аляксандр падзякаваў таксама юбіляту за яго нястомную малітву ў інтэнцыі новых пакліканняў да службы ў Касцёле і падкрэсліў, што свой шлях да святарства ён адкрыў менавіта дзякуючы прыкладу служэння Богу і бліжняму ксяндза прэлата.

Шмат цёплых слоў і пажаданняў было скіравана да ксяндза прэлата ў гэты дзень. Дзеці падарылі яму 60 жоўтых руж у знак кожнага года яго святарскай паслугі. Моладзь і міністранты дзякавалі святару за час, які ён заўсёды знаходзіць і прысвячае на размову з імі. Старэйшыя вернікі дзякавалі за штодзённае ўзмацненне сакрамантамі. Усе склалі словы падзякі за дабро, якое зыходзіць ад ксяндза прэлата. 

prelat14

„Я дзякую Богу за ўсё, за тое, што сёння я не адзін, што я маю вас. Дзякуй, што вы захацелі ўшанаваць сакрамант святарства праз мой юбілей”, – падзякаваў на заканчэне св. Імшы сам юбіляр.

Пасля набажэнства адбылася другая частка святкавання юбілею ксяндза прэлата. Моладзь з парафіі падрыхтавала артыстычную праграму, у якой раскрыла тэму паклікання да службы ў Касцёле. Яны паказалі, што святар - гэта той, хто распальвае ў сэрцах людзей любоў да Хрыста і чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч