Skip to main content

“Міласэрныя, як Айцец” – у Шчучыне прайшлі “Канікулы з Богам”

szczuczyn8З 21 па 28 жніўня пад эгідай касцёла Св. Тэрэзы з Авілі ў Шчучыне праходзілі “Канікулы з Богам” – мерапрыемства, якое штогод аб’ядноўвае дзяцей і моладзь парафіі.

На працягу ўжо больш як дваццаці год у апошні тыдзень жніўня касцёл Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне збірае дзяцей і падлеткаў парафіі дзеля таго, каб паразважаць пра Бога, далучыцца да супольнай малітвы і спеваў і проста выдатна правесці час з сябрамі, завесці новыя знаёмствы. Не стаў выключэннем і гэты год: пад купалам касцёла сабралося больш за 500 маладых парафіян.

Сёлета дзеці, моладзь і святары разважалі аб учынках міласэрнасці для душы бліжняга – суцяшэнні засмучаных, настаўленні грэшнікаў і іншых. Дэвіз “Канікул з Богам - 2016” супаў з дэвізам Года Божай Міласэрнасці – “Міласэрныя, як Айцец”.

szczuczyn5

Дзень Канікул пачынаўся з супольнай малітвы і спеваў. Па заканчэнні спеваў на сцэне ля касцёла можна было пабачыць караценькую тэатральную пастаноўку, у якой абавязкова адлюстроўваўся адзін з ўчынкаў міласэрнасці. Далей надыходзіў час гульняў і разваг, якія падрыхтоўвалі для сваіх падапечных выхавацелі. Пасля, пачуўшы мелодыю так званай “Бельгійкі”, усе разумелі, што пачалася самая гарачая і вясёлая частка праграмы – танцы – і ляцелі хутчэй займаць месца і шукаць партнёра. А на прыканцы дня, пасля малітвы, усе без выключэння атрымлівалі салодкія пачастункі.

szczuczyn3

szczuczyn1

szczuczyn2

Канешне, кожны дзень “Канікул з Богам” быў незвычайным і цікавым, але найбольш чаканымі сталі чацвер і пятніца, калі кожны жадаючы мог паскакаць на батуце, пачаставацца салодкім попкорнам і паўдзельнічаць у спартакіядзе.

szczuczyn6

Паралельна з агульнай праграмай разваг на сцэне праходзіў конкурс “Голас “Канікул з Богам”, у якім за тытул лепшага змагаліся як дзеці і падлеткі, так і іх выхавацелі. Галоўным суддзёй конкурса быў спецыяльна запрошаны госць – айцец Аляксандр Махнач SP, які да верасня прошлага года працаваў у шчучынскай парафіі.

Але, як кажуць, усё добрае калісьці заканчваецца. Не сталі выключэннем і нашыя Канікулы. Цяпер усім удзельнікам застаецца толькі чакаць наступнага лета, наступнага жніўня і наступных “Канікул з Богам”, бо яны – пэўны шлях да адкрыцця свайго сэрца перад Панам Езусам.

szczuczyn7

Тэкст: Аляксей Саладуха

Фота: а. Віталь Слука SP