Skip to main content

Cястра назарэтанка са Смаргоні склала свае першыя манаскія абяцанні

sister114 жніўня склала свае першыя манаскія абяцанні сястра Імэльда Пятрова са Смаргоні, якая належыць да Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Урачыстасць адбылася ў касцёле Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Чэнстахове (Польшча).

sister1

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт чэнстахоўскі арцыбіскуп Вацлаў Дэпо. На ўрачыстасць прыбылі сёстры назарэтанкі на чале з Генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Янай Завеяй.

На гэтай важнай для ўсёй манаскай супольнасці падзеі прысутнічала і дэлегацыя сясцёр назарэтанак з Беларусі. Законніцы падтрымлівалі такім чынам сваімі малітвамі с. Імэльду, каб яна заўсёды ішла за голасам Езуса Хрыста, які кліча да служэння ў сваім Касцёле.

sister2

Падчас урачыстасці асаблівым чынам маліліся аб новых пакліканнях у супольнасць сясцёр назарэтанак.

Сястра Імэльда атрымала ў гэты дзень таксама знешнія знакі складання абяцанняў: чорны вэлюм як знак поўнай прыналежнасці Хрысту, крыж як знак дарогі да вечнага жыцця, свечку – знак Хрыстовага святла і новага жыцця, канстытуцыю супольнасці як “права любові”.

Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта была заснавана ў І Нядзелю Адвэнту ў 1875 г. у Рыме благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай.

Кс. Юрый Марціновіч