6 жніўня дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі прыняў шматлікіх пілігрымаў, якія прыйшлі ў пешых паломніцтвах з Гродна, Свіслачы, Шылавіч, Ваўкавыска i Мастоў. Шматлікія пілігрымы прыбылі таксама сваім транспартам, каб разам перажыць незабыўныя хвіліны малітвы ля падножжа цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага.
Найбольш кранальным момантам быў уваход паломнікаў у санктуарый. Вернікі з малітвай і радасным спевам хвалы ўваходзілі ў святыню, каб з верай выказаць свае інтэнцыі і ахвяраваць труд пілігрымавання.
У гэтыя, здаецца, найважнейшыя хвіліны пілігрымавання ў вачах многіх можна было ўбачыць слёзы радасці. У гэтых слязах, нават у хлопцаў, заўважалася вялікае ўзрушэнне. Шматлікія паломнікі з цяжкасцю верылі ў тое, што ім мужна ўдалося прайсці дзясяткі кіламетраў, каб спаткацца з міласэрным Айцом.
Пасля цяжкай дарогі і доўгага чакання сустрэчы Езус Міласэрны з вышыні алтара глядзіць на кожнага пілігрыма, пранікаючы сваім позіркам у душу чалавека…
Вечаровую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзii Юзаф Станеўскі. "У чарговы раз мы прыходзім у Рось, каб крыху адпачыць, ўзмацніць нашую веру і надзею на лепшы дзень", - адзначыў біскуп у гаміліі.
Іерарх падкрэсліў, што Езус прыходзіць да чалавека, каб распавесці яму пра сваю міласэрнасць і заахвоціць кожны дзень наследаваць Бога Айца.
"Нашае заданне - несці супакой у свет. Ідучы праз жыццё, мы павінны паказаць іншым, што з'яўляемся для бліжняга сябрам, у якім бурліць Божае жыццё", - падкрэсліў біскуп Станеўскі.
Звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх сказаў: "Напоўніце свет Божай міласэрнасцю праз слова і ўчынкі. Напоўніце свет супакоем і дабрынёй. Майце мужнасць першымі працягнуць далонь прымірэння і прабачэння. Нашым пакліканнем з'яўляецца ўваход на гару, якая носіць імя свяатсці".
Пасля распачалося ўсяночнае чуванне, падчас якога пілігрымы асаблівым чынам маліліся ў інтэнцыі супакою ў свеце i ў кожнай сям'і нашай краіны.
Затым паломнікі выслухалі канферэнцыю, якую да прысутных скіраваў кусташ санктуарыя ксёндз канонік Чэслаў Паўлюкевіч. Святар заахвоціў вернікаў адкрыцца на Божае дзеянне, каб праз жыццё згоднае з Божымі запаведзямі кожны дзень дакранацца да Божай міласэрнасці.
Прысутныя ў санктуарыі на працягу ўсёй ночы трывалі ў малітоўнымі чуванні, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамант.
Кс. Юрый Марціновіч