Skip to main content

Яна з Гродна: "На адной хвалі з Папам"

call  meАмаль увесь свет ужо ведае пра гарадзенку, былую парафіянку касцёла Божай Міласэрнасці на Вішняўцы, а сёння студэнтку Кракаўскай Акадэміі Мастацтваў Яну Шостак, якая падчас сёлетніх СДМ здолела вылучыцца з велізарнага натоўпу, падняўшы транспарант з надпісам: "Папа, патэлефануй мне". Раней дзяўчына здзейсніла яшчэ адну мастацкую акцыю, размясціўшы ў цэнтры Кракава без папярэджвання арганізатараў СДМ сцяг з выявай Папы Францішка. Пра сваё захапленне Папай, найбольш цікавыя званкі і пачуцці пасля таго, як прачнулася знакамітай, Яна распавядае нашаму парталу.

- Што ты хацела сказаць акцыяй са сцягам ? Ці не мела ты ніякіх страхаў, калі шла на гэтую авантуру?

call

- Не, я не баялася праводзіць гэтую акцыю. Мы ў Акадэміі вучымся адказваць за кожны наш крок, а калі Папа казаў пра адвагу, гэта мяне яшчэ больш падбадзёрвала!

Хацела паказаць, што мастацтва можа існаваць і ў рэлігіі, а таксама тое, што сучаснае мастацтва - гэта не толькі "дзіўныя рэчы", якіх мы не разумеем. Сучаснае мастацтва - гэта адна вялікая крама з прадуктамі, якія вы любіце і купляеце. Але там ёсць і тыя, якія вам не падабаюцца і вы праходзіце міма паліцы з імі. Праблема ў тым, што ў нас ніхто не кажа пра добрае сучаснае мастацтва. Я таксама маю крытычнае стаўленне да яго, нягледзячы на тое, што з'яўляюся адной з прадаўшчыц у гэтай краме. Але ведаю вельмі вартыя ўвагі творы, якія дапамагаюць нешта змяніць у нашых галовах і з'яўляюцца ежай для думак.

- Як прыйшла ў галаву ідэя зрабіць транспарант з надпісам: ”Папа, патэлефануй мне” ?

call  me

- Калі мы з маёй сяброўкай ўжо павесілі партрэт Папы ў цэнтры Кракава, і калі нас заўважылі медыя з Ватыкану, яны ўзялі мой нумар тэлефону і сказалі: ''Папа і пазваніць можа, таму падрыхтуйцеся, калі што''. Наступныя тры дні я працавала пад акном Папы па 12 гадзін і ўсё думала, які мастацкі жэст можна выканаць падчас СДМ. Маю ўвагу прыцягнула тое, што ўсе выкарыстоўваюць прастор сцягу для таго, каб адзначыцца, з якой яны краіны паходзяць, а я вырашыла выкарыстаць гэты прастор для ўласнай інфармацыі.

- Як адчуваеш сябе пасля таго, як твой здымак абляцеў шматлікія выданні, як пра цябе даведаўся амаль увесь свет? Пазнаюць на вуліцы?

- Хацелася б тут адзначыць, што пэўны чалавек пракаментаваў адну з навінаў пра мяне наступным чынам: "не ствары сабе куміра, ёсць такая запаведзь". А большая частка свету не бачыла непасрэдна майго твару і транспаранту. Пацверджаннем гэтаму было шмат смс-паведамленняў і званкоў са словамі: "я не ведаю, хто ты, але ідэя супер! З Богам!".

- Ты распавядала розным выданням, што пасля тваёй акцыі да цябе пачалі тэлефанаваць і слаць паведамленні розныя людзі. І, напэўна, людзі працягваюць кантактаваць з табой. Хто з тэлефануючых найбольш здзівіў цябе?

- Так, пішуць да гэтай пары! Быў адзін вельмі прыемны званок: адразу пасля акцыі патэлефанаваў пэўны хлопец, з якім я размаўляла амаль 20 хвілін. Ён распавядаў, што дзякуючы Папе Францішку перажыў навяртанне, бо раней не верыў, што можна быць да канца шчырым і справядлівым у рэлігійным асяроддзі. Таксама здзівілася, калі раніцай пасля акцыі патэлефанаваў мой прафесар (адзін з вядомых польскіх і замежных мастакоў) і дазволіў сабе пажартаваць, што ён Папа.

Але больш, канешне, смс-паведамленняў прыходзіць. Пасля таго, як навіна дайшла да Беларусі, то, канешне, пачалі пісаць, што ўсе ганарацца мной. Былі і такія, хто пісаў: "мы за то, что лучше бы ты обнажилась". Але гэта, хутчэй, рэдкасць, большасць людзей дасылалі вельмі прыемныя паведамленні. Як казаў Папа Францішка, "мы павінны навучыцца прымаць не толькі добрыя, але і дрэнныя навіны таксама". Горш было ў першыя моманты падчас сустрэчы, калі людзі ўбачылі ў трансмісіі мой нумар і пачалі без перапынку званіць, не дазваляючы нават зрабіць тэлефонам фотаздымак для мамы.

- Што плануеш сказаць Святому Айцу, калі ён усё ж такі патэлефануе?

- Калі патэлефануе, то спачатку я павінна перадаць інфармацыю ад тых, хто званіў і пісаў паведамленні, што яго любяць, паважаюць і маюць надзею, што ён будзе з намі яшчэ праз доўгі час. А пазней, канешне, я мару паразмаўляць з ім наконт сучаснага мастацтва і рэлігіі, каб можна было ўвайсці мастакам у гэтыя абшары, нават тым, хто не звязаны з рэлігіяй у сваім жыцці.

- Чым блізкі табе Папа Францішак?

- Ён блізкі мне сваёй адкрытасцю на людзей, сваім жывым характарам і прамовамі, якія часта маюць другое дно. Блізкі сваім падыходам да Касцёла, які, паводле меркавання Папы, таксама патрабуе мадэрнізацыі.

- Якія словы, што Папа Францішак прамаўляў падчас СДМ, найбольш запалі табе ў душу?

- Яго словы пра тое, што "паралізацыя" чалавека наступае тады, калі ён пачынае думаць, што для шчасця яму патрэбна толькі канапа...

Падрыхтавала А. Марцішэўская