Skip to main content

Уражанні гарадзенкі ад пілігрымкі на байдарках

байдаркі 55 - 7 ліпеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбыліся незвычайныя рэкалекцыі…на байдарках! “Нешта новае…паспрабую”,- падумала я пасля прагляду роліку на Facebook, у якім ксёндз Юзаф Сярпейка - вікарый тамтэйшай парафіі і арганізатар гэтых нетыповых рэкалекцый, запрашае ўсіх на байдаркі і расказвае пра ўмовы ўдзелу (галоўнае - узрост удзельнікаў 18+, але кожнае правіла мае свае выключэнні). Рэкалекцыі (ад лат. Recollection - збірацца) - 26 чалавек рознага ўзросту, з розных куткоў Беларусі, на чале са святаром - ксяндзом Юзафам, сабраліся разам, каб разважаць над Словам Божым у крыху іншых умовах: праз увесь дзень на вёслах, канферэнцыі вакол кастра, начлег у палатках на беразе ракі… І ў гэтым ёсць свой сэнс: спакой і цішыня - тое, што так цяжка бывае знайсці ў паўсядзённасці, але так неабходна, каб пачуць у сэрцы голас Госпада.

байдаркі 3

байдаркі 1

Ад хвалявання нікуды не дзенешся: і вясло трымаю першы раз, і плывун не найлепшы, і прагноз надвор’я: - дажджы, дажджы, дажджы…Але словы Езуса ”не бойся, дзіця маё, Я з табою” разганяюць хмары клопатаў, непакою і ўмацоўваюць у сваім рашэнні.

байдаркі 2

Галоўнай тэмай канферэнцый было разважанне над словамі: “Пакліканыя быць прыладай Божай Міласэрнасці”. Наш духоўны кіраўнік растлумачваў нам, як важна распазнаць той шлях, які падрыхтаваў нам Бог, як важна зразумець, што гэта менавіта для мяне, не абманвацца іллюзіямі, а шукаць праўду і ў гэтым мець цярплівасць і адвагу. Бо менавіта паслядоўнікам сваім Бог спасылае “дождж ласкаў”, якія трэба прымаць з пакорай і ўдзячнасцю. І менавіта такая “прылада” заўсёды будзе патрэбна.

У першы дзень нашых рэкалекцый святар зацытаваў нам словы вершу ксяндза Яна Твардоўскага “Справядлівасць”:

Дзякую табе за тое, што

Твая Справядлівасць у няроўнасці.

Тое, што ёсць у мяне і чаго няма,

Нават тое, што няма каму даць,

Заўсёды каму-небудзь трэба…

Камусьці патрэбна была усмешка, а хтосьці меў занадта вясёлы настрой; кагосьці трэба было супакоіць, а хтосьці вельмі любіць абдымацца; камусьці стала трошкі холадна, а ў кагосьці ёсць яшчэ адзін цёплы світар і шкарпэткі; адзін ужо злажыў вёслы, а другі без наракання працягвае веславаць; ты стаміўся, а хтосьці вельмі хацеў цябе апырскаць; здавалася, што ўжо ўсё з’елі, і хтосьці дастае з заплечніка сала і кілбасу; хвалюешся, дзе б пасушыць мокрыя рэчы, а хтосьці разводзіць вогнішча і ідзе за дровамі; хочаш гарачай кавы з малаком і табе падаюць чай з чабору; хвалюешся, каб ніхто не перакульнуўся з байдаркі і ў той жа час сам апынаешся ў вадзе.

байдаркі 5

Тры дні, 75 км, 24 новыя знаёмствы, непадробнае задавальненне і на сэрцы бязмерная радасць, якая накрывае, як хваля, і якой хочацца “апырскаць” усіх, хто побач. Маю вялікую надзею, што праз год ізноў буду ўдзельніцай рэкалекцый на байдарках разам з Міласэрным Езусам!

байдаркі 4

Вераніка Матусевіч