У Гродне напярэдадні 1 чэрвеня - Сусветнага дня аховы дзяцей - цэнтр "РадзіМа" і праваслаўная Царква на працягу 15 дзён праводзілі акцыю "За жыццё", якая мела на мэце распаўсюджванне інфармацыі адносна граху аборта і шляхоў абароны грамадства ад яго. Да акцыі далучылася таксама каталіцкая моладзь з парафіі Божай Міласэрнасці, якая прымае ўдзел у сустрэчах, прысвечаных малітве за зачатых дзяцей.
На працягу двух тыдняў на вуліцах г. Гродна праводзіліся акцыі з заклікам жыхароў горада задумацца пра каштоўнасці чалавечага жыцця.
Раздаваліся ўлёткі, распавядалася пра тое, як гінуць дзеці ў абортах, што можна зрабіць, каб выратаваць жыццё, падтрымаць цяжарную жанчыну. Здзяйсняліся малебны аб абароне дзяцей, захаванні жыцця, аб умацаванні сем'яў. Запальваліся свечкі памяці ненароджаных дзяцей.
Традыцыйна для дадзенага дабрачыннага марафону адбыўся аўта-мотапрабег "Гродна - за забарону абортаў". Удзельнікі праехалі па гораду, узяўшы ў "малітоўнае кола" усе бальніцы і жаночыя кансультацыі абласнога цэнтра, у якіх здзяйсняюцца аборты.
Штогод у Беларусі здзяйсняецца больш за 25 тысяч абортаў, кожны дзень больш за 100 абортаў. У Гродзенскай вобласці па афіцыйных дадзеных за 2015 год 2 399 дзяцей не з'явіліся на свет па прычыне забойства ў абортах.
Падрыхтавала Марына Валачкова