Skip to main content

Арцыбіскуп Т. Кандрусевіч распавёў пра адраджэнне Гродзенскай дыяцэзіі

другі дзень кангрэсу 2"Адраджэнне каталіцкага касцёла ў Беларусі як дар Божай міласэрнасці (у кантэксце Гродзенскай дыяцэзіі)". З канферэнцыяй на дадзеную тэму ў рамках эўхарыстычнага кангрэсу выступіў 25 мая арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя. Мітрапаліт наблізіў прысутным няпростую гісторыю станаўлення і развіцця Гродзенскай дыяцэзіі:

 

- Намеры стварыць дыяцэзію ў Гродне зарадзіліся ў трыццатых гадах ХХ стагоддзя. У 1938 – 1939 гадах былі ўжо выдзелены сродкі на ўтрыманне новай касцёльнай структуры ў Гродне, але выбух Другой сусветнай вайны і акупацыя зямель фашыстамі ў верасні 1939 г. сталі перашкодай для ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі. Затым прыйшлі савецкія часы - часы духоўнага застою, і ўтварэнне дыяцэзіі было адкладзена ажно на 50 гадоў.

другі дзень кангрэсу 3

Пасля іерарх узгадаў, як пасля заснавання Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 годзе ён, будучы на той час апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі, разам з апостальскім прадстаўніком займаліся ўстанаўленнем межаў Гродзенскай дыяцэзіі. Працэс "малявання на карце" праходзіў на плябаніі францішканскага касцёла ў Гродне, якая размяшчалася на вуліцы Чырвонапартызанскай 1/2.

Арцыбіскуп асаблівым чынам адзначыў ролю не толькі духавенства, але і свецкіх вернікаў у працэсе адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне:

- У часы ваяўнічага савецкага атэізму, калі святары не мелі магчымасці функцыянаваць, гэта нашыя бабулі і дзядулі захоўвалі веру. Вернікі клаліся крыжом на падлозе фарнага касцёла, каб савецкія ўлады не падарвалі яго. Яны самі сплачвалі падаткі, рабілі рамонт у святыні, каб толькі не разбурылася культурная і духоўная спадчына. Мы павінны быць удзячныя ім.

другі дзень кангрэсу 4

другі дзень кангрэсу 1

У параўнанні: у 1991 годзе нашая дыяцэзія налічвала 130 парафій, 85 касцёлаў і 83 святара; сёння яна мае 193 парафіі, 240 месцаў Божага культу і 213 святароў.

Па спасылцы знойдзеце поўны аўдыёзапіс канферэнцыі арцыбіскупа Т. Кандрусевіча.

Падрыхтавала А. Марцішэўская

Фота: В. Сяліцкая