Што такое міласэрнасць? Чым яна з'яўляецца, а чым - не? Як рэалізаваць яе, і як рабіць гэта асаблівым чынам у Юбіленый Год Міласэрнасці? На гэтыя пытанні адказваюць "пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці" - удзельнікі Дыяцэзільяных дзён моладзі 2016.
Ілля, парафія імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне
Міласэрнасць – гэта адзін з пунткаў сапраўднай любові, Божай любові, той любові, якую павінен мець кожны з людзей ў адносінах з бліжнім. Міласэрнасць наўпрост залежыць ад наяўнасці Божай любові ў табе. Калі ты не маеш у сабе Божага Духа, ты не можаш быць па-сапраўднаму міласэрным.
Учынкі міласэрнасці – гэта не ўсялякія добрыя ўчынкі ў дачыненні да бліжняга. Усё залежыць ад таго, як ты іх здзяйсняеш: з-за любові, па прымусе або з-за спачування. Любоў – найлепшы і самы праўдзівы матыў!
Бываюць моманты, калі пасля доўгага знаходжання ў кантакце з Богам я адчуваю, што напаўняюся Ягонай любоўю. Тады я разумею, што павінен быць міласэрным у дачыненні да кожнага, і я сапраўды пачынаю адчуваць у сабе моц, якая можа дапамагці хаця б у найменшай меры спыніць цярпенні людзей.
Іра, парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах
Міласэрнасць – гэта быць адкрытым не толькі для знаёмых, сяброў, якім дапамагеш ужо па інэрцыі, але для кожнага. У Годзе Міласэрнасці трэба больш увагі прысвячаць тым, хто яе патрабуе. Не саромецца падысці да жабрака, да п’яніцы – кожны з іх напэўна мае прычыну, па якой збочыў з добрага шляху і не мае адвагі, каб вярнуцца на яго. Мы – хрысціяне, павінны адрознівацца асаблівым разуменнем і пранікнёнасцю.
Стас, парафія св. Юзафа ў Гродне
Міласэрнасць – гэта ў першую чаргу любоў да бліжняга, да Бога. Усе мы дзеці Божыя і павінны падтрымліваць адзін аднаго незалежна ад абставінаў.
Марта, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне
Мы не можам пражыць дня без вады, таксама як і без Божай любові. Але, калі чалавек захварэе, ён патрабуе штосьці мацнейшае, чым вада – гарачую гарбату. Я лічу, што Божая міласэрнасць і з’яўляецца для нас гарачай гарбатай, зробленай з найлепшых траў, ды яшчэ і з мёдам. Гэты адвар мы атрымліваем, калі захворваем цяжкай хваробай – грахом.
Акрамя выздараўлення наша місія заключаецца і ў тым, каб данесці цяпло гэтай гарбаты да тых, хто яе патрабуе. Таму чалавек з’яўляецца свайго роду тэрмасам, які захоўвае Божае цяпло – міласэрнасць.
Крысціна, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску
Для мяне міласэрнасць – гэта добрыя ўчынкі, гэта малітва. Я намагаюся праяўляць яе ў дачыненні да кожнага, хоць часам гэта вельмі складана. Складана таму, што ўсе мы людзі са сваімі пачуццямі і эмоцыямі, якія парой цяжка пераадолець. Складана таму, што існуць сітуацыі, калі твая міласэрнасць можа ўспрымацца як нешта ганебнае, непатрэбнае, і тады неабходна вялікая адвага, каб праявіць яе.
Сястра Зоя, Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі
Міласэрнасць – гэта факт, што Бог прымае мяне, нягледзячы на тое, што я пастання грашу. Глыбей за ўсё чалавек разумее Божую міласэрнасць, калі яго грэхападзенне пастаянна паўтараецца. Гэта добра бачна на прыкладзе залежнай асобы, калі тая ўсведамляе, што не можа даць абяцанне не грашыць, што пасля чарговай споведзі надыдзе момант, калі яна зноў аступіцца, і ратаваць яе будзе думка, што кожны раз яна знойдзе прабачэнне ў Госпада. У гэтым і заключаецца самая вялікая міласэрнасць Бога.
Давайце шчыра - мы самі неміласэрныя. Часцей за ўсё нам хочацца ў адказ на крыўды зрабіць крыўду. Таму найбольшай міласэрнасцю лічу таксама рэдкую здольнасць чалавека прабачаць непрабачальнае.
У сувязі з Годам Міласэрнасці я больш увагі звяртаю на дзённік с. Фаустыны, і пастаянна асэнсоўваю яе словы пра тое, што Хрыста больш за ўсё раняць не нашыя грахі, а наш недавер Яму.
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: В. Сяліцкая