Традыцыйна непагодным вечарам у апошнюю суботу перад Вялікім тыднем прайшоў чарговы Крыжовы шлях вуліцамі Гродна. 19 сакавіка вернікі нашай дыяцэзіі выйшлі ўшанаваць пакуты Езуса Хрыста ўжо ў шосты раз.
Дарэчы, шлях пакут Езуса Хрыста пачалі ўшаноўваць ўжо з першых стагоддзяў хрысціянства. Некаторыя крыніцы кажуць пра тое, што ля вытокаў традыцыі Крыжовага шляху стаіць Маці Божая, якая пасля Уваскрасення Езуса хадзіла па Ерусалімe, па месцах пакут свайго Сына. Большасць даследчыкаў схіляецца да таго, што традыцыя Крыжовага шляху сфармавалася пасля заваёвы Гроба Пана крыжакамі (XI -XII стст): тады людзі пачалі намагацца знайсці святыя месцы, прайсці па ім і максімальна дакладна зафіксаваць.
У сярэдзіне XIV ст. адбылася вельмі важная падзея ў жыцці Святой Зямлі - туды прыбылі францішкане, якім была даручана духоўная апека над месцамі пакут Хрыста ў Ерусаліме. Для тых людзей, якія хацелі прайсці Крыжовым шляхам, але не маглі адправіцца ў Святую Зямлю, манахі пачалі арганізоўваць Крыжовы шлях перш за ўсё там, дзе рэльеф мясцовасці нагадваў Ерусалім. Паступова традыцыя велікапоснага набажэнства распаўсюдзілася і на іншыя краіны.
Увогуле раней існавалі розныя варыянты набажэнстваў Крыжовага Шляху, якія маглі налічваць ад сямі да трыццаці двух стацый. Як правіла, пачыналіся яны з успаміну пра Апошнюю Вячэру (т. зв. доўгі Крыжовы шлях) або з палацу Ірада (кароткі Крыжовы шлях). Толькі ў канцы XVIII ст. былі вызначаны 14 стацый і іх паслядоўнасць.
Сёлета ад стацыі ад стацыі па чарзе неслі Крыж вернікі з усіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама клерыкі і ўдзельнікі рэкалекцый ВДС, студэнты з Афрыкі і моладзь з душпастырства "OPEN" - арганізатары набажэнства.
Падчас пакутнага шляху прысутныя разважалі над найбольш характэрнымі заганамі сучаснага чалавека. Абыякавасць, якая амаль што атручвае сусвет; крызіс удзячнасці, калі кожны баіцца зрабіць добры ўчынак першым; пошук толькі выгады ў любові да Бога і чалавека; непамерная ганарыстасць, якая не дазваляе адзначыць дасягненні бліжняга; і непавага да чалавечай годнасці.
"Калі-небудзь настане той шчаслівы час, калі Крыжовы шлях не будзе нагодай для таго, каб у чарговы раз прасіць прабачэння, а толькі напамінам пра адкупленчую ахвяру Хрыста", - адзначылі на апошняй стацыі.
Тэкст: Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая, Ангеліна Пакачайла